Мінск 13:59

МУС распачало зборы па навучанні паляўнічых снайперскай стральбе

17 снежня, Позірк. Пра правядзенне трохдзённых збораў па снайперскай падрыхтоўцы паляўнічых паведаміла Міністэрства ўнутраных спраў.

Мерапрыемствы праходзяць у навучальным цэнтры спецыяльнага прызначэння ўнутраных войскаў МУС. Адзначаецца, што ў зборах удзельнічаюць прадстаўнікі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў (БТПР) ва ўзросце ад 20 да 72 гадоў.

Пад кіраўніцтвам інструктараў спецатраду хуткага рэагавання (САХР) і спецыяльнага падраздзялення па барацьбе з тэрарызмам “Алмаз” паляўнічыя “засвойваюць асаблівасці валодання вінтоўкай Мосіна”, адзначаюць у ведамстве.

“Асноўны акцэнт — на практыку са штодзённай стральбой у розных тактычных умовах, у тым ліку ва ўмовах абмежаванай бачнасці. Удзельнікі збораў таксама вывучаюць ваенную тапаграфію, маскіроўку, адпрацоўваюць навыкі аказання першай дапамогі”, — гаворыцца ў паведамленні.

24 верасня на нарадзе з вайскоўцамі на Абуз-Лясноўскім агульнавайсковым палігоне (Брэсцкая вобласць) Аляксандр Лукашэнка паставіў задачы БТПР (ім кіруе былы міністр унутраных спраў Ігар Шуневіч).

“Паляўнічых у нас шмат, яны павінны мець сваё падраздзяленне са сваёй зброяй, — лічыць Лукашэнка. — І трэба паглядзець, як ствараецца, што створна. Дзе мы падрыхтуем лепшых снайпераў, чым у іх? Таму і гэта трэба выкарыстоўваць, па-гаспадарску паставіцца. А не разлічваць, як у савецкія часы: грошы дадуць, мы ваенны гарадок пабудуем, набяром туды кучу людзей, будзем іх вучыць, як звычайна ў войску мы робім, а потым яны навучацца ваяваць. Мы так эканоміку пакладзём, і ў нас жабракамі будуць людзі хадзіць. Мы не можам такія вялізныя грошы ўкладаць у такую сістэму падрыхтоўкі”.

28 красавіка ў эфіры тэлеканала СТВ Шуневіч заявіў, што колькасць ахвотных прайсці перападрыхтоўку па сістэме “снайпер” па адной з ваенна-ўліковых спецыяльнасцей “перасягнула ўсе чаканні”. “Будзем паступова павялічваць патэнцыйную колькасць тых людзей, якія ў выпадку неабходнасці могуць быць выкарыстаныя як спецыялісты вельмі вузкага, вузкнакіраванага, хірургічнага інструмента ў ваенных дзеяннях”, — сказаў ён.

Падрыхтоўку стралкоў Шуневічу даручыў Лукашэнка ў чэрвені 2022 года.

Падзяліцца: