Мінск 17:55

Улады Грузіі фактычна паўторна адмовілі праваабаронцу Кісляку ў прытулку

Апублікавана на адкрытай версіі “Позірку” 22 сакавіка 2026 года ў 11:33

Раман Кісляк ля Дэпартамента міграцыі МУС Грузіі ў Тбілісі
Фота з асабістага архіва праваабаронцы

21 сакавіка, Позірк. Беларускі праваабаронца Раман Кісляк паведаміў Позірку, што Дэпартамент міграцыі МУС Грузіі фактычна паўторна адмовіў яму ў наданні прытулку, не разгледзеўшы сутнасць новай заявы.

Ведамства не задаволіла першае прашэнне праваабаронцы ў жніўні 2024 года — больш як праз год пасля падачы дакументаў. Кісляк з пераменным поспехам аспрэчваў гэтае рашэнне ў судовым парадку, пакуль у ліпені 2025-га Апеляцыйны суд канчаткова не адхіліў скаргу. У жніўні праваабаронца накіраваў скаргу на адмову ў наданні прытулку ў Камітэт ААН па правах чалавека (КПЧ), які забараніў Грузіі высылаць яго ў Беларусь да завяршэння працэдуры разгляду.

“Пасля таго, як мне адмовілі ў Апеляцыйным судзе, я падаў [скаргу] ў КПЧ, але таксама я вырашыў падацца [у Дэпартамент міграцыі Грузіі] паўторна на прытулак, бо мне хацелася паглядзець, як гэта ўсё працуе, — адзначыў Кісляк. — Я не чакаў, што яны задаволяць мой зварот і мне дадуць статус — калі пайшлі адмовы, было зразумела, што ўлады будуць стаяць на гэтым да канца. Тым больш [адмоўлена] паводле крытэрыяў пагрозы дзяржаўнай бяспецы”.

Увосені 2025 года ў Грузіі набыў моц новы закон аб міжнароднай абароне, згодна з якім статус просьбіта прытулку надаецца не пасля падачы адпаведнага хадайніцтва, а толькі пасля таго, як заява паспяхова пройдзе ацэнку прымальнасці. Праз новыя правілы Кісляк доўгі час не мог трапіць у Дэпартамент міграцыі, падаў дакументы толькі ў кастрычніку.

Праваабаронца падкрэсліў, што магчымасць паўторна звярнуцца па міжнародную абарону прадугледжаная законам, “калі падчас або пасля разгляду мяняюцца фактычныя абставіны, па справе з’яўляюцца новыя падставы для прытулку”. Ён дапоўніў сваю заяву такімі дэталямі, пазначыўшы сярод іншага, што МУС Беларусі прылічыла яго да асоб, якія маюць дачыненне да прызнанага “экстрэмісцкім фарміраваннем” інфармагенцтва “Позірк”.

“У адпаведнасці з новым законам яны мусілі на працягу дзесяці дзён разгледзець гэту заяву з пункту гледжання прымальнасці. А адмовілі толькі цяпер, [калі] прайшло пяць месяцаў. Яны забыліся і забілі на мяне, і паставілі ў ігнор”, — канстатаваў суразмоўца.

Гэтым разам грузінскія ўлады “адмовілі на этапе папярэдняга разгляду звароту”, не палічыўшы заяву прымальнай: “То бок яны па сутнасці зварот мой і не разглядалі”. У сувязі з гэтым, адзначыў ён, прычыны адмовы не паведамленыя.

23 сакавіка Кісляк плануе абскардзіць рашэнне міграцыйнай службы ў судзе. Акрамя таго, ён мае намер абскардзіць парушэнне тэрмінаў адказу.

“У кастрычніку 2025 года я таксама падаў заяву аб наданні мне права на пражыванне ў сувязі з часовымі мерамі абароны — у сувязі з тым, што мая справа разглядаецца Камітэтам па правах чалавека. І яны дагэтуль таксама не разгледзелі гэтую заяву. Тут тэрмінаў няма, на жаль, і вось дагэтуль гэтае пытанне не вырашанае”, — адзначыў праваабаронца.

Паводле слоў суразмоўцы, ён не мае ні статусу просьбіта прытулку, ані статусу “ў дэпартацыі”: “Маю статус па-за статусам”.

“У мяне заблакаваныя банкаўскія карты. Я не магу пайсці ў турму, там наведваць беларусаў. Мне перашкаджалі ўжо, бо я не маю дзейнага дакумента. Я без дзейнага дакумента. Ён пратэрмінаваны”, — апісаў сваю сітуацыю праваабаронца.

Паводле ацэнкі Кісляка, многія працэдуры ў Грузіі “сталі вельмі добра працаваць”, але Дэпартамент міграцыі — гэта “чорная дзірка ў плане працэдур”. “Жах, што робіцца. Ім задача пастаўленая — масава затрымліваць і выправаджваць нелегальных мігрантаў. І такой адмовай ва ўваходжанне ў працэдуры яны павялічваюць колькасць нелегальных мігрантаў. У нас чатыры беларусы, якія не змаглі трапіць унутр [працэдуры] — тры засталіся ў Грузіі, адзін шчасліва з’ехаў”, — заявіў ён.

Як паказаў праведзены Позіркам аналіз статыстыкі Нацыянальнай паліцыі Грузіі, у 2025 годзе ўлады гэтай краіны адмовілі ў прытулку 22 грамадзянам Беларусі, у тым ліку пяці непаўналетнім (двум хлопчыкам/юнакам і тром дзяўчынкам/дзяўчатам). Задаволеных хадайніцтваў няма.

Падзяліцца: