Мінск 13:06

Лукашэнка выступіў супраць стварэння ў Расіі вытворчасцяў, якія дублююць беларускія

Ілюстрацыйнае фота: ААТ "Белшына"

23 лістапада, Позірк. Супраць стварэння ў Расіі вытворчасцяў, якія дублююць тыя, што ўжо існуюць у Беларусі, выступіў Аляксандр Лукашэнка 23 лістапада ў Мінску на сустрэчы з губернатарам Омскай вобласці РФ Віталем Хацэнкам.

Для прыкладу палітык, словы якога прыводзіць яго прэс-служба, згадаў пра планы стварыць у Расіі прадпрыемства па выпуску шын, у тым ліку звышбуйнагабарытных, якія ўжо вырабляюцца ў Беларусі.

На думку Лукашэнкі, стварэнне вытворчасцяў, якія дублююць існыя і ствараюць канкурэнцыю, непрымальнае для Саюзнай дзяржавы.

“Калі Беларусь можа забяспечыць патрэбы рынку Расіі па нейкіх кірунках, трэба гэта выкарыстоўваць. Калі мы можам выкарыстоўваць расійскі тавар у дастатковай колькасці, не трэба ствараць вытворчасць, [якая дублюе]. І закупляць не трэба”, — заявіў ён.

Лукашэнка таксама адзначыў, што Беларусь займае трэцяе месца сярод гандлёвых партнёраў Омскай вобласці пасля Кітая і Казахстана, аднак існыя аб’ёмы тавараабароту, на яго думку, не адлюстроўваюць патэнцыял супрацы.

Кажучы пра захаванне і развіццё прамысловасці, палітык спаслаўся на словы старшыні КНР Сі Цзіньпіна: “Наш поспех заключаецца ў тым, што мы папярэдні досвед не руйнавалі, не знішчалі, мы яго ўдасканальвалі і рухаліся наперад”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, такі падыход “у значнай ступені адпавядае беларускаму курсу развіцця”.

Як паведамляў “Позірк”, у кастрычніку 2025 года кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Дзмітрый Крутой заявіў, што палітык уздымаў на сустрэчы з прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным праблему нядобрасумленнай канкурэнцыі на рынку прамысловых тавараў і машынабудаўнічай прадукцыі.

Паводле слоў Крутога, на рынках дзвюх краін “маюцца дэмпінгавыя пастаўкі, маюцца вытворчасці, якія дублююць існыя”, што стварае “вельмі сур’ёзнае напружанне” для традыцыйных вытворцаў.

Падзяліцца: