Мінск 11:09

У Польшчы скасаваны апраўдальны прыгавор вайскоўцу, які страляў на мяжы з Беларуссю

Ілюстрацыйнае фота: Памежная ахова Польшчы

23 лістапада, Позірк. Вайсковы акруговы суд у Варшаве 20 лістапада скасаваў апраўдальны прыгавор былому польскаму вайскоўцу Каралю С., які абвінавачваўся ў перавышэнні паўнамоцтваў пры ўжыванні зброі на мяжы з Беларуссю.

Польская газета Rzeczpospolita са спасылкай на агенцтва PAP адзначыла, што справа накіраваная ў суд першай інстанцыі на паўторны разгляд.

Як паведамляецца, суддзя Павел Венцэк заявіў, што абвінавачаны зрабіў 12 папераджальных стрэлаў у кірунку групы мігрантаў, якія незаконна перасякалі мяжу. Не менш за тры стрэлы стварылі непасрэдную пагрозу іх жыццю або здароўю.

Паводле ацэнкі суда, аналагічну.ю небяспеку зазналі двое супрацоўнікаў Памежнай аховы Польшчы і двое вайскоўцаў, якія ўдзельнічалі ў спыненні парушэння мяжы.

Суд апеляцыйнай інстанцыі палічыў, што дзеянні Караля С. мелі прыкметы злачынства, якое яму інкрымінавалася.

Інцыдэнт здарыўся 25 сакавіка 2024 года ў раёне Дубічы-Цэркеўнэ (Падляскае ваяводства). Згодна з матэрыяламі следства, вайсковец зрабіў 12 стрэлаў са службовай зброі з адлегласці ад 164 да 210 метраў у кірунку групы людзей — мігрантаў, памежнікаў ды жаўнераў.

Тры кулі рыкашэтам адскочылі ад бетоннага слупа, зямлі і калючага дроту, астатнія дзевяць праляцелі міма людзей.

У той момант мігранты адступалі на беларускі бок, кідаючы камяні і галіны ў польскіх сілавікоў. Тыя выкарыстоўвалі слезацечны газ.

Абарона Караля С. можа абскардзіць рашэнне ў Вярхоўным судзе Польшчы. Паведамляецца, што адвакаты маюць намер вызначыцца з далейшымі дзеяннямі пасля атрымання пісьмовай пастановы акруговага суда.

Як паведамляў “Позірк”, 27 траўня 2026 года Кароль С. быў апраўданы судом першай інстанцыі. Пры вынясенні рашэння суддзя адзначыў, што вайсковец з’яўляецца добрым стралком і мог бы трапіць у людзей, калі б меў такі намер.

На пасяджэнне суда абвінавачаны прыйшоў у футболцы з лагатыпам польскага музычнага гурта Honor, вядомага ўльтраправымі і неанацысцкімі тэкстамі, што прыцягнула ўвагу польскіх СМІ.

Падзяліцца: