Мінск 09:31

Прадстаўнік РФ пацвердзіў планы прыцягнуць беларускіх студэнтаў да будаўніцтва трасы ў Сібіры

План паўночнага абходу Омска
Архіўнае фота: Мінтранс РФ

23 лістапада, Позірк. Планы прыцягнуць у 2027 годзе беларускіх студэнтаў да будаўніцтва трасы ў Сібіры пацвердзіў у інтэрв’ю агенцтву ТАСС намеснік старшыні назіральнага савета Расійскіх студэнцкіх атрадаў (РСА), член грамадскага савета Міністэрства транспарту РФ Аляксей Пацейка.

“Проста зараз круглы год на будаўніцтве паўночнага абходу Омска ў нас працуе каля 60 студэнтаў. <…> Улетку ў нас там працавалі студэнцкія атрады з Казахстана. У 2027 годзе мы ўжо запланавалі ўдзел студэнтаў з Беларусі, Кыргызстана, Казахстана і Расіі”, — заявіў ён.

Паводле яго слоў, студэнты “ўдзельнічаюць у падрыхтоўцы берагавых збудаванняў галоўнага пераходу праз Іртыш”.

Сёлета ў ліпені Пацейка паведамляў пра “папярэднія дамоўленасці” са студэнцкімі атрадамі Беларусі і Казахстана.

Паўночны абход Омска — 66-кіламетровая траса з двума мастамі праз рэкі Іртыш і Ом, пяццю транспартнымі развязкамі і дзевятнаццаццю пуцеправодамі. Будуецца з леташняй восені. Чакаецца, што чатырохпалосная дарога з разліковай хуткасцю 120 км/г дазволіць вывесці транзітны транспарт за межы горада-мільённіка, які месціцца за Уральскімі гарамі — у паўднёвай частцы Заходняй Сібіры.

Праект магілёўскіх праваабаронцаў і журналістаў MAYDAY TEAM паведамляў, што студэнцкі атрад Беларуска-Расійскага ўніверсітэта ў складзе 26 чалавек напрыканцы траўня накіраваўся працаваць на чыгунцы ў расійскай Якуціі — другі год запар. У якасці манцёраў шляху (навучаннем займаецца БЧ) студэнты рэстаўруюць чыгуначнае палатно на “малым БАМе” — 400-кіламетровай змычцы паміж Байкала-Амурскай і Транссібірскай магістралямі, якая першапачаткова была пабудаваная вязнямі савецкіх лагераў ва ўмовах вечнай мерзлаты.

Паведамлялася таксама, што Магілёўскі і Бабруйскі медыцынскія каледжы накіроўваюць студэнцкія атрады ў Перм і Чэлябінск для ўдзелу ва ўсерасійскіх нацыянальных праектах “Парма” і “Клініка”, якія рэалізуюцца на падставе рашэння Уладзіміра Пуціна.

Варта адзначыць, што ў большасці расійскіх рэгіёнаў сёння небяспечна. Напрыклад, згаданы Омск 6 ліпеня атакавалі ўкраінскія дроны — нягледзячы на ​​2.500 км, якія аддзяляюць суб’ект РФ ад мяжы з Украінай. Удар быў па мясцовым нафтаперапрацоўчым заводзе.

Раней беларусы ўжо траплялі ў Расіі пад атакі дронаў: 17 чэрвеня і 2 ліпеня ў Бранскай вобласці. Улады ў Мінску пасля гэтага заклікалі суграмадзян не ездзіць у РФ.

“Я не хачу тут нікога асуджаць, але папрасіць нашых людзей, і асабліва бацькоў, калі мы маем справу з дзецьмі: трэба пасядзець дома гэты час”, — заявіў 18 чэрвеня Аляксандр Лукашэнка.

Дзяржаўны сакратар Савета бяспекі Беларусі Аляксандр Вальфовіч заклікаў беларусаў не наведваць прыгранічныя рэгіёны РФ, бо “там кожны дзень падаюць беспілотнікі, адбываюцца такія нядобрыя выпадкі”.

Падзяліцца: