Мінск 15:58

У прыватным медцэнтры ў Мінску памёр пацыент, Следчы камітэт праводзіць праверку

Ілюстрацыйнае фота: Jeshoots / unsplash.com

22 лістапада, Позірк. Следчы камітэт паведаміў 22 лістапада пра смерць жыхара Мінска ў прыватным медыцынскім цэнтры.

Паводле звестак СК, інфармацыя пра смерць 58-гадовага мінчука ў медцэнтры на праспекце Незалежнасці паступіла напярэдадні а 17-й гадзіне.

“Як высветлілі следчыя, мужчына на працягу некалькіх гадоў пакутаваў на анкалагічнае захворванне. З мэтай абследавання ён наведваў медыцынскі цэнтр, дзе падчас прыёму здарылася рэзкае пагаршэнне стану здароўя. Нягледзячы на правядзенне рэанімацыйных мерапрыемстваў, выратаваць мінчука не ўдалося”, — гаворыцца ў паведамленні.

На месцы здарэння працавала следча-аператыўная група. Экспертамі праведзены дэталёвы агляд, зафіксавана следавая карціна. Для ўстанаўлення дакладнай прычыны смерці мужчыны прызначаная судова-медыцынская экспертыза.

Па гэтым факце СК праводзіць праверку.

Раней СМІ са спасылкай на інфармацыю ў сацсетках паведамілі аб меркаванай смерці пацыента ў медцэнтры “ЛОДЭ”, размешчанага па адрасе пр. Незалежнасці, 58а.

Падзяліцца: