Мінск 16:02

У Беларусі ўначы адбыліся масавыя збоі ў працы сацсетак

Ілюстрацыйнае фота: Christin Hume / unsplash.com

20 лістапада, Позірк. У ноч на 20 лістапада карыстальнікі ў Беларусі масава скардзіліся на збоі ў працы сацыяльных сетак, платформ і месенджараў “Тэлеграм”, “ЦікТок”, “Інстаграм”, “Ютуб” і Discord, паведамляе спецыялізаваны партал dev.by.

Паводле даных сэрвісу Detector404.by, карыстальнікі не маглі прайграваць відэа, загружаць стужкі і адпраўляць паведамленні. Першыя скаргі на праблемы з “Ютубам” з’явіліся яшчэ да паўночы, пасля чаго на працягу некалькіх гадзін пачалі паступаць паведамленні аб збоях у іншых сэрвісах.

Больш за ўсё скаргаў за апошнія суткі паступіла на Discord — каля 3 тыс. Яшчэ прыкладна па 1,8 тыс. паведамленняў было звязана з працай “Телеграма” і “Ютуба”. Часцей за ўсё аб праблемах паведамлялі карыстальнікі з Мінска (3,4 тыс. скаргаў) і Мінскай вобласці (1,2 тыс.).

Да раніцы прыкладальнікі аднавілі працу. Пры гэтым банкаўскія сэрвісы, маркетплейсы, аператары сувязі, дзяржаўныя сайты і месенджары “Вайбер”, паводле звестак партала, працавалі ў цэлым штатна.

Каментарыяў ад беларускіх уладаў з нагоды збояў не паступала.

Напярэдадні Дня Волі 24 сакавіка 2026 года ў Беларусі на 36 гадзін абмяжоўвалі доступ да інтэрнэт-сайтаў з-за мяжы. ААЦ патлумачыў абмежаванне пагрозай “дэструктыўных уздзеянняў у кіберпрасторы”.

25 сакавіка сайты беларускіх незалежных СМІ зазналі DDoS-атакі. Нападам падвергліся “Позірк”, reform.навіны, “Медыязона. Беларусь” і “Наша Ніва”.

У студзені 2025 года праблемы з доступам да сайтаў, месенджараў, сацыяльных сетак і “Ютубе” назіраліся па ўсёй краіне на працягу некалькіх гадзін. Пры выкарыстанні VPN ўсе сэрвісы працавалі.

Падзяліцца: