Мінск 13:14

СК завяршыў расследаванне справы расійскай секты “ИВДИВО”, яна дзейнічала ў Беларусі з 2010 года

Фота: СК

20 лістапада, Позірк. Аб заканчэнні расследавання крымінальнай справы ў дачыненні да 16 асоб, якія маюць дачыненне да дзейнасці незарэгістраванай рэлігійнай арганізацыі “ИВДИВО”, паведаміў 20 лістапада Следчы камітэт.

Паводле звестак следства, секта дзейнічала на тэрыторыі Беларусі з 2010 года. Акрамя Мінска, яе структурныя падраздзяленні размяшчаліся ў Віцебску, Жлобіне (Гомельская вобласць), Барысаве і Смалявіцкім раёне (Мінская вобласць).

Мерапрыемствы секты наведвалі як грамадзяне Беларусі, так і замежнікі, якія спецыяльна прыбывалі для такіх мэтаў з-за мяжы.

СК адзначае, што пад выглядам філасофскіх гурткоў фактычна прапаноўвалася сістэма рэлігійных поглядаў, “заснаваная на характэрным для акультызму вучэнні аб шматузроўневай іерархіі сакральных “вышэйшых сіл”, якія прад’яўляюць свае патрабаванні жыхарам Зямлі”. У аснову дактрыны былі пакладзены ўяўленні аб “нібыта тым, што адбываецца пераходзе чалавечай цывілізацыі з пятай расы ў шостую”.

Кіраўнік секты — грамадзянін Расеі Віталь Сярдзюк, які, як сцвярджаецца, “распаўсюджваў матэрыялы ў інтэрнэце”.

“Як правіла, у супольнасць траплялі асобы, якія перажылі цяжкія жыццёвыя ўзрушэнні, напрыклад, уласную хваробу або захворванне блізкіх, смерць сваякоў, страту працы”, — паведамілі ў ведамстве.

Дзейнасць секты прадугледжвала ўцягванне новых удзельнікаў, правядзенне культавых практык, “набажэнстваў”, “так званую рэлігійную асвету” і “выхаванне” сваіх паслядоўнікаў, уключаючы дзяцей рознага ўзросту, практыкавалася здзяйсненне арганізацыяй абрадаў “хрышчэння”. У секце існавала іерархія яе членаў.

Сектантам прапаноўвалі прайсці платныя курсы, якія нібыта дапамагалі ўстанаўліваць містычныя кантакты з прадстаўнікамі “вышэйшых сіл”. Адначасова лічылася, што пасля навучання паслядоўнікі змогуць садзейнічаць “пераходу чалавецтва ў новую расу”.

Устаноўлены следствам злачынны даход склаў больш за 220 тыс. рублёў.

У СК адзначылі, што секта “доўгі час дзейнічала пад прыкрыццём заснаваных паслядоўнікамі Мінскага гарадскога грамадскага аб’яднання “Сінтэз развіцця чалавека”, інфармацыйна-даследчых устаноў “Клуб аматараў філасофіі” і “Клуб грамадзянскіх філосафаў”. Апошняя з названых устаноў размяшчалася ў Віцебску і ліквідавана пасля ўнясення следчым адпаведнага прадстаўлення. Астатнія аб’яднанні спынілі існаванне раней.

“Высветлілася, што абвінавачаныя ведалі пра неабходнасць вядзення рэлігійнай практыкі выключна пасля рэгістрацыі ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам. Аднак яны ігнаравалі дадзенае патрабаванне, а для ўтойвання супрацьпраўнай дзейнасці неаднаразова спрабавалі стварыць аналагічныя структуры ў сталіцы”, — гаворыцца ў паведамленні.

Падчас расследавання фігуранты заяўлялі, што “маюць зносіны з прадстаўніком “вышэйшых сіл”, “сматрашчым” за планетай, які нібыта паведамляў ім, як адказваць на пытанні, якія задаюць падчас следства”, “рэтранслятарам волі псеўдабоства на зямлі ўдзельнікі аб’яднання лічылі раней названага Віталя Сердзюка”, падкрэслівае СК.

Псіхіятрычная экспертыза паказала, ўто фігарунты ўсведамлялі свае дзеянні. Ім інкрымінаваны арт. 1931 КК (незаконная арганізацыя дзейнасці рэлігійнай арганізацыі і ўдзел у яе дзейнасці). Справа перададзена ў пракуратуру для накіравання ў суд.

Пры гэтым паведамляецца, што ў дачыненні да некаторых асоб “працягваецца расследаванне ў рамках выдзеленай у асобную вытворчасць крымінальнай справы, у тым ліку ва ўзаемадзеянні з замежнымі калегамі”.

21 сакавіка 2025 года ГУБАЗіК затрымаў 15 лідараў і актывістаў нелегальнай арганізацыі “ИВДИВО”, якая функцыянавала ў некалькіх абласных цэнтрах Беларусі. Паводле звестак МУС, “пад маркай самаўдасканалення і развіцця яны праводзілі платныя “семінары-трэнінгі”, людзям з эмацыйнымі праблемамі абяцалі дапамогу, пры гэтым абавязваючы іх на пастаяннай аснове перадаваць“ дабрадзеям” значныя сумы грошай.

Секта “ИВДИВО” (першапачатковая назва “Сінтэз Фа”) дзейнічала з сярэдзіны 1990-х гадоў у Расіі, пасля яе дзейнасць распаўсюдзілася на іншыя постсавецкія краіны. Яе заснавальнік і ідэйны натхняльнік — Віталь Сярдзюк. У Расіі секта працягвае сваю дзейнасць, не з’яўляецца забароненай, праводзіць з’езды ў буйных гарадах. На постсавецкай прасторы дзейнасць секты прызнаная незаконнай толькі ва Узбекістане (з 2015 года).

СК не паведамляе, чаму секту, якая працавала ў Беларусі з 2010 года, сілавікі вырашылі закрыць толькі ў 2025 годзе.

Падзяліцца: