Мінск 15:52

Лукашэнка заявіў, што чаргі на жыллё для шматдзетных сем’яў няма

20 лістапада, Позірк. Аб адсутнасці ў Беларусі чаргі на жыллё для шматдзетных сем’яў заявіў Аляксандр Лукашэнка 20 лістапада на сустрэчы з работнікамі прадпрыемства “Белагратэрмінал” у Смаргоні (Гродзенская вобласць).

“Трое і больш [дзяцей] — у нас чаргі ўжо няма. Як і абяцаў, мы вырашылі гэтую праблему”, — цытуе яго прэс-служба.

14 верасня начальнік упраўлення жыллёвай палітыкі Мінгарвыканкама Сяргей Шакель заявіў, што за студзень — жнівень у сталіцы на будаўніцтва жылля накіравалі 506 шматдзетных сем’яў пры гадавым плане 660. Агенцтва “Мінск-Навіны” адзначала са спасылкай на словы Шакеля, што на той момант у Мінску на ўліку маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў знаходзілася 3.047 шматдзетных сем’яў.

Усяго ў Беларусі на канец 2025 года на такім уліку знаходзілася 33.598 шматдзетных сем’яў, паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, якія прыводзіла агенцтва “Белнавіны”. Колькі іх застаецца на ўліку цяпер, Лукашэнка ў Смаргоні не ўдакладніў.

15 кастрычніка ў Верхнядзвінскім раёне (Віцебская вобласць) палітык сцвярджаў, што шматдзетныя сем’і атрымліваюць жыллё “цягам года”.

Савет міністраў пастановай №3 ад 5 студзеня ўстанавіў заданні па жыллёвым будаўніцтве на 2026 год. Пастанова прадугледжвае, што 5,93 тыс. шматдзетных сем’яў павінна быць забяспечана жыллём у адпаведнасці з патрабаваннем аб накіраванні такіх сем’яў на паляпшэнне жыллёвых умоў на працягу аднаго года з дня пастаноўкі на ўлік у якасці маючых патрэбу.

Паводле раней прааналізаваных “Позіркам” звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у 2020 годзе ў Беларусі для шматдзетных было пабудавана 12.584 кватэр, 2021-м — 12.192, 2022-м — 11.231, 2023-м — 8.425, 2024-м — 6.312, 2025-м — 6.664. Такім чынам, за пяць гадоў гэты паказчык знізіўся ў 1,9 раза.

Падзяліцца: