Мінск 10:40

Зацверджанае пагадненне з Уругваем, закліканае стаць “асновай для паглыблення эканамічных сувязяў”

Курортны горад Пунта-дэль-Эстэ ва Уругваі
Ілюстрацыйнае фота: Leandro Hernández / unsplash.com

21 лістапада, Позірк. Пагадненне аб гандлёва-эканамічнай супрацы з Уругваем зацверджанае 20 лістапада ўказам № 413, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.

Сам двухбаковы дагавор быў заключаны 18 верасня ў сталіцы паўднёваамерыканскай дзяржавы — Мантэвідэа.

Каментуючы ўказ ад 15 верасня, якім быў ухвалены праект гэтага пагаднення, прэс-служба Лукашэнкі адзначала, што дакумент “скіраваны на стварэнне асновы для паглыблення эканамічных сувязяў дзвюх дзяржаў”.

У прыватнасці, у ім вызначаюцца “асноўныя мэты, сярод якіх садзейнічанне развіццю ўзаемадзеяння паміж суб’ектамі гаспадарання бакоў, абмену інфармацыяй пра гандлёвыя магчымасці і заканадаўства, якое мае прымяняцца, пашырэнню і дыверсіфікацыі гандлёвых патокаў”.

Пагадненнем таксама прадугледжваецца “стварэнне міжурадавай беларуска-ўругвайскай сумеснай камісіі па гандлёва-эканамічнай супрацы, замацоўваюцца яе асноўныя функцыі і парадак правядзення пасяджэнняў”.

З сакавіка 2025 года інтарэсы Беларусі ва Уругваі і Парагваі па сумяшчальніцтве прадстаўляе амбасадар у Бразіліі Андрэй Андрэеў. Уругвайскаму кіраўніцтву дыпламат даверчыя граматы пакуль не ўручаў.

У Мінску па сумяшчальніцтве акрэдытаваны амбасадар Уругвая ў Расіі (уручыў даверчыя граматы Лукашэнку 1 кастрычніка 2024 года).

Згодна з інфармацыяй на сайце амбасады ў Бразіліі, дыпламатычныя стасункі паміж Беларуссю і Уругваем усталяваныя 7 ліпеня 1992 года, узаемадзеянне паміж імі “ажыццяўляецца пераважна ў рамках міжнародных арганізацый”.

Даныя пра аб’ёмы двухбаковага гандлю не прыводзяцца.

Падзяліцца: