У рамках узмоцненага кантролю ДАІ выявіла неадзінкавыя факты парушэння перавозчыкамі рэжыму працы і адпачынку

21 лістапада, Позірк. Пра працу ва ўмовах узмоцненых мер бяспекі дарожнага руху і прадухіленія траўматызму на дарозе 21 лістапада адсправаздачыўся начальнік спецпадраздзялення дарожна-патрульнай службы “Страла” Міністэрства ўнутраных спраў Сяргей Бандарэнка.
“На асаблівым кантролі — выяўленне і своечасовае адхіленне ад кіравання нецвярозых кіроўцаў і бяспраўнікаў, спыненне грубых парушэнняў ПДР, якія прыводзяць да трагічных наступстваў, — заявіў ён (на падставе відэакаментарыю, апублікаванага прэс-службай МУС). — Для дапамогі тэрытарыяльным падраздзяленням ДАІ сфармавана некалькі груп спецпадраздзялення ДПС “Страла”, якія накіраваныя ў раёны Мінскай і Брэсцкай абласцей з найбольш складанай аварыйнай абстаноўкай”.
“У рамках узмацнення супрацоўнікі ДАІ ва ўзаемадзеянні з Транспартнай інспекцыяй [Міністэрства транспарту і камунікацый] узмацнілі кантроль за камерцыйнымі перавозкамі пасажыраў і грузаў. Выяўленыя неадзінкавыя факты парушэння рэжыму працы і адпачынку, допуску кіроўцаў да працы на лініі, а таксама эксплуатацыі транспартных сродкаў. Аналагічныя праверкі працягнуцца ажно да 27 лістапада”, — дадаў ён.
З улікам чаканых замаразкаў і выпадзення снегу Бандарэнка рэкамендаваў кіроўцам адмовіцца ад паездак на летніх шынах і загадзя замяніць іх на зімовыя.
Пешаходам, паводле яго слоў, ва ўмовах недастатковай бачнасці і галалёдзіцы трэба “праяўляць максімальную асцярожнасць, перасоўвацца па-за праезнай часткай і пазначаць сябе святлоадбівальнымі элементамі”.
Меры па “кардынальным узмацненні кантролю за выкананнем перавозчыкамі заканадаўства ў сферы падтрымання бяспекі дарожнага руху”, якія Дзяржаўтаінспекцыя прыме сумесна з Транспартнай інспекцыяй Мінтранса ды “іншымі зацікаўленымі ведамствамі”, начальнік галоўнага ўпраўлення ДАІ МУС Віктар Ротчанкаў анансаваў 14 лістапада пасля аварыі, якая адбылася ў той дзень у Старадарожскім раёне Мінскай вобласці (мікрааўтобус сутыкнуўся з грузавіком — трое загінулых), і напярэдадні — у Жыткавіцкім раёне Гомельскай вобласці (грузавік сутыкнуўся з маршруткай, 10 пасажыраў, уключаючы траіх дзяцей, даставілі ў бальніцу).
Ужо пасля гэтага ў Мінскім раёне сутыкнуліся мікрааўтобус і легкавы аўтамабіль, якія рухаліся ў адным кірунку. Кіроўца легкавога аўтамабіля загінуў, яго пасажыр і 14 пасажыраў маршруткі атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.
З тае пары ў краіне здарылася сама меней пяць ДТЗ са смяротным вынікам — у Брэсце, Рэчыцы, Гомельскім, Асіповіцкім, Пінскім раёнах.
16 лістапада МУС абвясціла пра правядзенне да 27 лістапада прафілактычных мерапрыемстваў па прадухіленні аварый з удзелам пасажыра- і грузаперавозчыкаў. Тады было адзначана, што супрацоўнікі ДАІ нададуць асаблівую ўвагу “выкананню кіроўцамі вызначанага рэжыму працы і адпачынку”.
“Сумесна з прадстаўнікамі Транспартнай інспекцыі Міністэрства транспарту і камунікацый на аўтадарогах будуць арганізаваныя рэйдавыя мерапрыемствы па выяўленні парушэнняў парадку допуску да перавозак і кантролі за тэхнічным станам транспартных сродкаў, — гаварылася ў паведамленні. — Пры выяўленні парушэнняў вызначанага парадку працы і адпачынку, а таксама эксплуатацыі транспарту да кіроўцаў і кіраўнікоў транспартных арганізацый будуць ужывацца самыя строгія меры рэагавання”.
МУС канстатавала, што “стомленасць, ператамленне і зніжэнне канцэнтрацыі ўвагі за стырном значна павялічваюць рызыку здзяйснення ДТЗ з трагічнымі наступствамі”.

- Грамадства
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаДругі раз з пачатку лістапада суседнія краіны ЕС не зафіксавалі актыўнасці мігрантаў ля сваіх межаў з Беларуссю (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Грамадства
- Эканоміка
- ЭканомікаІнвестыцыі ў асноўны капітал за дзесяць месяцаў выраслі ў гадавым вымярэнні на 10% (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства
- Грамадства


