Мінск 12:18

У Польшчы беларус стаў фігурантам справы аб незаконным абароце цыгарэт на 1,4 млн долараў

Фота: Памежная ахова Польшчы

23 лістапада, Позірк. Пра затрыманне грамадзяніна Беларусі і пяцярых палякаў па справе аб нелегальным абароце больш як 5,5 млн цыгарэт агульным коштам звыш 5,6 млн злотых (каля 1,38 млн долараў) паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Паводле інфармацыі ведамства, аперацыя была праведзена 22 кастрычніка супрацоўнікамі Бяшчадскага аддзялення Памежнай аховы сумесна з Сілезскім мытна-падатковым упраўленнем у горадзе Дамброва-Гурніча (Сілезскае ваяводства).

Падчас вобшуку на тэрыторыі аднаго з аб’ектаў нерухомасці ў грузавым аўтамабілі было знойдзена больш за 5 млн цыгарэт, яшчэ 480 тыс. знаходзілася ў складскім памяшканні. На тытунёвых вырабах не было польскіх акцызных марак.

Усім шасцярым затрыманым выстаўленыя абвінавачанні ў незаконным абароце падакцызных тавараў. У дачыненні да іх абраныя меры стрымання, не звязаныя з пазбаўленнем волі.

Расследаванне працягваецца. Праваахоўныя органы высвятляюць паходжанне забранай прадукцыі. Паведамляецца, што справа знаходзіцца пад наглядам раённай пракуратуры ў горадзе Дамброва-Гурніча.

Падзяліцца: