Мінск 14:47

Дзіцяці прызначаная пенсія па страце карміцеля дзякуючы пацвярджэнню сваяцтва з памерлым бацькам — ДКСЭ

Ілюстрацыя: Warren Umoh / unsplash.com

23 лістапада, Позірк. Судовыя эксперты Гродзенскай вобласці з дапамогай генетычнага даследавання пацвердзілі біялагічнае сваяцтва дзіцяці з памерлым мужчынам, паведамляе прэс-служба Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз.

Вынікі экспертызы дапамаглі пацвердзіць у судзе юрыдычны факт, неабходны для афармлення пенсіі па страце карміцеля і ўступлення ў спадчыну.

Адзначаецца, што жанчына хацела афіцыйна пацвердзіць, што яе непаўналетні сын з’яўляецца родным дзіцем памерлага мужчыны. Правесці стандартнае даследаванне ДНК самога меркаванага бацькі было немагчыма — яго біялагічных слядоў не захавалася. Для экспертызы пагадзіўся даць свой біяматэрыял родны брат памерлага.

Спецыялісты даследавалі Y-храмасому, якая перадаецца ад бацькі да сына і практычна не змяняецца з пакалення ў пакаленне. Мужчыны, якія паходзяць ад агульнага продка па мужчынскай лініі, маюць аднолькавы або блізкі профіль гэтай храмасомы. Даследаванне дазволіла пацвердзіць сваяцтва дзіцяці з памерлым мужчынам па бацькоўскай лініі.

Заключэнне экспертаў стала доказам у судзе.

У Беларусі памер працоўнай пенсіі па страце карміцеля залежыць ад заробку памерлага. Згодна з артыкулам 38 закона “Аб пенсійным забеспячэнні”, яна прызначаецца кожнаму непрацаздольнаму члену сям’і ў памеры 40% сярэднямесячнага заробку карміцеля, але не менш за 100% мінімальнага памеру пенсіі па ўзросце.

Як правіла, пенсію выплачваюць да 18 гадоў, а пры навучанні на дзённай форме — да 23 гадоў.

Калі дзіця не мае права на працоўную пенсію (калі памерлы бацька не меў неабходнага стажу для прызначэння працоўнай пенсіі), яму можа быць прызначаная сацыяльная пенсія. З 1 лістапада 2026 года яна складае 85% бюджэту пражытачнага мінімуму ў сярэднім на душу насельніцтва — 455 рублёў 35 капеек на месяц. Гэты памер дзейнічае да 31 студзеня 2027 года.

Такім чынам, пацвярджэнне бацькоўства ў падобных выпадках мае не толькі юрыдычнае значэнне для атрымання спадчыны, але і дазваляе дзіцяці атрымаць прадугледжанае заканадаўствам пенсійнае забеспячэнне.

7 ліпеня стала вядома пра аднаўленне расследавання забойства немаўляці, якое было здзейсненае ў 2003 годзе. У лютым таго года цела нованароджанага хлопчыка знайшлі ў пакунку ў смеццевым кантэйнеры ў Жлобіне (Гомельская вобласць). Тады высветліць асобу маці не атрымалася, але эксперты вылучылі генатып немаўляці і невядомай жанчыны, якая магла быць яго маці. Генетычныя характарыстыкі ўнеслі ў аўтаматызаваную ДНК-сістэму. У красавіку 2026 года было зафіксаванае супадзенне з генетычнымі данымі 25-гадовага мужчыны. Наступная экспертыза высветліла, што яго 53-гадовая маці з’яўляецца біялагічнай маці загінулага немаўляці. Жанчыну затрымалі на падставе падазрэння ў забойстве.

2 верасня стала вядома пра накіраванне ў суд крымінальнай справы магілёўца, абвінавачанага ў серыйным забойстве дзяўчат напрыканцы 1990-х гадоў. Падчас экспертных даследаванняў біялагічных слядоў спецыялісты вылучылі генатып злачынцы. Доўгі час яго асоба заставалася невядомай, але на пачатку 2025 года мужчына трапіў у поле зроку міліцыі. Вынікі ДНК-даследаванняў сталі адным з доказаў па справе.

Падзяліцца: