Мінск 20:50

Кіраўнік Гомельскага аблвыканкама Крупко асабіста ўхваліў звальненне жыхара Хойнікаў па палітычных матывах

Фота: прэс-служба Гомельскага аблвыканкама

18 снежня, Позірк. Старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко асабіста ўхваліў звальненне жыхара Хойнікаў, асуджанага за “падпіску на экстрэмісцкія рэсурсы”, вынікае з паведамлення прэсс-службы рэгіёну.

Гэта адбылося 18 снежня падчас наведвання чыноўнікам раённага цэнтра.

Адзначаецца, што да Крупко звярнулася жанчына з просьбай “не звальняць яе сына з перапрацоўчага прадпрыемства”.

Раней, як паведамляецца, мужчына двойчы прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці паводле арт. 19.11 КаАП (распаўсюджванне, выраб, захоўванне, перавозка інфармацыйнай прадукцыі, якая змяшчае заклікі да экстрэмісцкай дзейнасці або прапагандуе такую дзейнасць).

Упершыню жыхар Хойнікаў мог быць звольнены ў 2023 годзе, але тады пасля звароту да старшыні аблвыканкама яго “пад даручальніцтва начальніка ўчастка пакінулі на працы”. Цяпер жа, як заяўляецца, мужчыну “прыйдзецца працаўладкоўвацца самастойна”.

“Вашаму сыну прапануюць наяўныя вакансіі па рабочых спецыяльнасцях”, — сказаў Крупко

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтра “Вясна” толькі з верасня па сярэдзіну лістапада ў судах Беларусі разгледзелі не менш за 1.213 палітычных адміністрацыйных спраў, абсалютная большасць з якіх — паводле арт.19.11 КаАП. Самай рэпрэсіўнай вобласцю з’яўляецца Гомельская — мінімум 337 чалавек былі асуджаныя ў адміністрацыйным парадку.

Масавыя звальненні па палітычных матывах працягваюцца ў Беларусі з 2020 года.

Гл. таксама:

Старшыня Гомельскага аблвыканкама назваў Лукашэнку “абярэгам Беларусі”

Падзяліцца: