Мінск 05:59

Рэжым асаблівай абароны беларускай мовы ва Украіне, верагодна, захаваецца

Крыніца: часопіс VSU Online

27 снежня, Позірк. Беларуская мова фігуруе ў абноўленым пераліку моў, да якіх Кабінет міністраў Украіны (КМУ) прапануе Вярхоўнай Радзе (ВР) прымяняць рэжым падтрымкі і асаблівай абароны, прадугледжаны Еўрапейскай хартыяй рэгіянальных моў ці моў меншасцяў.

Пра гэта сведчаць вытрымкі з законапраекта, які КМУ зарэгістраваў у ВР, апублікаваныя прадстаўніком украінскага ўрада ў парламенце краіны Тарасам Мельнічуком. 24 снежня чыноўнік распаўсюдзіў інфармацыю пра тое, што Кабмін ухваліў гэты законапраект — без беларускай і рускай моў у адпаведным пераліку (абодва фігуравалі ў ім з моманту прыняцця Украінай у 2003 годзе закона аб ратыфікацыі вышэйзгаданай хартыі).

У зарэгістраваным у ВР законапраекце апрача беларускай мовы згадваюцца балгарская, венгерская, гагаузская, іўрыт, крымскататарская, навагрэчаская, нямецкая, польская, румынская і славацкая. Рускай мовы ў іх ліку няма.

Законапраектам таксама прапануецца надалей называць дакумент “Еўрапейская хартыя рэгіянальных або мінарытарных моў”.

Хартыя была падпісаная дзяржавамі — членамі Савета Еўропы (СЕ) у Страсбургу 5 лістапада 1992 года, але адкрытая для падпісання еўрапейскімі краінамі, якія не ўваходзяць у СЕ. Ратыфікаваная 25 дзяржавамі: Арменіяй, Аўстрыяй, Босніяй і Герцагавінай, Вялікабрытаніяй, Венгрыяй, Германіяй, Даніяй, Іспаніяй, Кіпрам, Ліхтэнштэйнам, Люксембургам, Нідэрландамі, Нарвегіяй, Польшчай, Румыніяй, Сербіяй, Славакіяй, Славеніяй, Украінай, Чэхіяй, Швейцарыяй і Швецыяй.

У дакуменце выкладзена восем асноўных прынцыпаў і задач, на якіх дзяржавы, якія ратыфікавалі хартыю, мусяць засноўваць сваю палітыку, заканадаўства і практыку; гэтыя пункты разглядаюцца як нормы, якія забяспечваюць неабходныя рамкі для захавання адпаведных моў:

  • прызнанне рэгіянальных моў цi моў меншасцяў як праяву культурнага багацця;
  • павага да геаграфічнага рэгіёна кожнай рэгіянальнай мовы ці мовы меншасцяў;
  • неабходнасць рашучых дзеянняў па прасоўванні рэгіянальных моў ці моў меншасцяў;
  • садзейнічанне і/або заахвочванне выкарыстанню рэгіянальных моў ці моў меншасцяў у вусным і пісьмовым маўленні, у грамадскім і прыватным жыцці;
  • наданне адпаведных форм і сродкаў для выкладання і вывучэння рэгіянальных моў цi моў меншасцяў на ўсіх адпаведных этапах;
  • садзейнічанне адпаведным транснацыянальным абменам;
  • забарона ўсіх форм неабгрунтаванага выдзялення, выключэння, абмежавання або перавагі, звязаных з выкарыстаннем рэгіянальнай мовы ці мовы меншасці і скіраваных на абмежаванне або пагрозы яе падтрыманню і развіццю;
  • садзейнічанне дзяржаў узаемнаму разуменню паміж усімі моўнымі групамі краіны.

Хартыя мае неафіцыйны пераклад на беларускую мову.

Падзяліцца: