Мінск 10:49

Дзесяць банкаў паведамілі пра новаўвядзенні

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

28 снежня, Позірк. Дзесяць банкаў, якія працуюць у Беларусі, паведамілі пра змены асобных правіл абслугоўвання і надалі новыя магчымасці кліентам, сведчыць праведзены Позіркам маніторынг іх актуальных прэс-рэлізаў.

“Альфа Банк у Беларусі” абнавіў праграму лаяльнасці “Альфа Бонус”. Цяпер яе ўдзельнікам кожны месяц будуць прапаноўваць у мабільным банку INSNC персанальны набор катэгорый аперацый, з якіх можна выбраць “Улюбёныя” — для налічэння падвышаных акцыйных бонусаў.

“Банк ВТБ (Беларусь)” вызначыў памер камісіі за трансгранічныя пераводы ў інтэрнэт-банку і дадатку VTB mBank па нумары мабільнага тэлефона з выкарыстаннем сістэмы імгненных плацяжоў. Узнагароджанне за транзакцыі на рахункі фізічных асоб, адкрытых у банках-нерэзідэнтах, у беларускіх рублях складзе 1,5% сумы пераводу (не менш за 5 рублёў).

Банк “Дабрабыт” часова абмежаваў магчымасць здзяйсняць у вэб-версіі сэрвісу “Дабрабыт-анлайн” плацяжы і пераводы з раздзела “Хуткія”, а таксама пераводы на карткі кліентаў банка па нумары тэлефона. Гэтыя аперацыі даступныя ў інтэрнэт-банкінгу і мабільным дадатку банка.

“Белаграпрамбанк” папярэдзіў, што 30 і 31 снежня могуць быць змены ў рэжыме прыёму плацяжоў у лік пагашэння запазычанасці па крэдытных дагаворах фізічных асоб у касах і ўстройствах самаабслугоўвання банка, сістэме АРІП, інтэрнэт-банкінгу і мабільным банкінгу.

“Белінвестбанк” увёў камісію за рассылку інфармацыі ўладальнікам каштоўных папер паводле даручэння эмітэнта. Узнагароджанне складзе 4,5 рубля за кожны ліст, да сумы дадаецца кошт паслугі “Белпошты” за перасылку, а таксама ПДВ (катэгорыя паштовага адпраўлення пазначаецца эмітэнтам).

“БНБ-Банк” папоўніў партфель нацыянальных валют бразільскімі рэаламі, азербайджанскімі манатамі і кыргызскімі сомамі. Камісія за перавод у рэалах і сомах складзе 30 долараў, манатах — 0,15% сумы (мінімум 36 долараў, максімум — 166).

“Неа Банк Азія” разам з аплатнай сістэмай Visa зрабіў даступнымі для трымальнікаў банкаўскіх карт сэрвісы Samsung Pay, Swoo Pay і Garmin Pay.

“Сбер Банк (Беларусь)” падаўжае дзеянне асабістых карт, карт для заробкаў узроўню Classic, Standard, Gold, Platinum, Infinite і Black Edition, а таксама карт у рамках прадуктаў “КартаFUN” і “Fun Platinum”, пакетаў паслуг “Сбербанк Першы” і ” Прэміум“ у беларускіх рублях. Гаворка ідзе пра карты Visa і Mastercard, тэрмін дзеяння якіх заканчваецца ў перыяд з 31 студзеня па 30 чэрвеня 2025 года (абазначэнне на карце з 01/25 па 06/25). Імі можна будзе карыстацца яшчэ два гады без фізічнага перавыпуску і звароту ў офіс банка. Падаўжэнне распаўсюджваецца ў тым ліку на карткі, тэрмін дзеяння якіх раней ужо падаўжаўся.

“СтатусБанк” з 1 студзеня 2025 года будзе спаганяць камісію за зняцце наяўных грошай з картак у банкаматах “БНБ-Банка” — 3% сумы (мінімум 4 рублі). Без камісіі можна будзе здымаць грошы ў касах “СтатусБанка”, а таксама праз прылады “Белгазпрамбанка” і “Белаграпрамбанка”.

“Тэхнабанк” пачаў спаганяць камісію за перавод сродкаў за межы банка на падставе плацежнага даручэння кліента, плацежнага патрабавання ў турэцкіх лірах — 1,7% сумы (мінімум 150 еўра).

На 1 лістапада 2024 года ў краіне зарэгістравана 22 банкі (адзін з іх — “Дэльта Банк” — знаходзіцца ў стадыі банкруцтва).

Прыбытак банкаў на 1 кастрычніка 2024 года склаў 2 млрд 842,3 млн рублёў — на 32% больш, чым на аналагічную дату 2023-га (2 млрд 152,6 млн), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз даных Нацыянальнага банка.

Нарматыўны капітал павялічыўся на 14,3% (з 19 млрд 196,8 млн да 21 млрд 944,4 млн рублёў), актывы, дастатковасць нарматыўнага капіталу — на 1,4 працэнтнага пункта (з 19,3% да 20,7%), актывы, схільныя крэдытнай рызыцы, — на 14,4% (з 91 млрд 910,8 млн да 105 млрд 170,8 млн).

Падзяліцца: