Мінск 18:30

Украіна прадала з аўкцыёну 116 вагонаў арыштаванага беларускага калію на 2 млн долараў

Фота: profmedia.by

30 снежня, Позірк. Аб паспяховай рэалізацыі на аўкцыёне “часткі партыі хларыду калію” паведаміла 30 снежня Агенцтва па вышуку і менеджменце актываў (АВМА) Украіны.

“З выстаўленых у лістападзе 2024 года на рэалізацыю 433 вагонаў хларыду калію вытворчасці ААТ “Беларуськалій” агульнай вагой 30.431 тон, сёння быў рэалізаваны груз, які знаходзіцца ў 116 чыгуначных вагонах агульнай вагой 8.123 тон”, — гаворыцца ў паведамленні.

Адзначаецца, што ў выніку продажу атрымана сума 87 млн 280,3 тыс. грыўняў (2,01 долараў), мытныя плацяжы склалі 33 млн 786, 2 тыс. грыўняў (804,4 тыс. долараў).

“Усе сродкі ад рэалізацыі арыштаваных актываў накіроўваюцца на ўзмацненне эканомікі і абараназдольнасці дзяржавы”, — заявілі ў агенцтве, якое падпарадкоўваецца ўраду Украіны.

Усяго, як паведамляецца, бюджэт Украіны ў 2024 годзе атрымаў 326 млн грыўняў (7,76 млн долараў) ад рэалізацыі арыштаваных актываў, уключаючы 89,7 млн грыўняў мытных плацяжоў (2,13 млн долараў).

6 лютага 2023 года паведамлялася, што Генеральная пракуратура Украіна наклала арышт на 170 чыгуначных вагонаў з мінеральнымі ўгнаеннямі коштам каля 100 млн грыўняў (на той момант больш за 2,7 млн долараў). Адзначалася, што груз належыць Беларускаму ААТ “Беларуськалій“ і расійскай кампаніі “Уралкалій“.

“Паводле даных следства, чыгуначныя кантэйнеры з угнаеннямі прыбылі ва Украіну яшчэ да пачатку поўнамаштабнага ўварвання [24 лютага 2022 года]. Яны знаходзіліся ў рэжыме “транзіт“ у Мікалаеве на тэрыторыі марскога спецыялізаванага порта“, — гаварылася ў заяве ўкраінскага нагляднага ведамства.

Сцвярджалася, што беларускі і расійскі калій перавозіўся “ў трэція краіны для продажу і атрымання мільённых прыбыткаў“, пры гэтым частка выручкі “ў выглядзе падаткаў пайшла б на фінансаванне вайны РФ супраць Украіны“.

Арыштаваная маёмасць была перададзена ў АВМА.

5 траўня 2022 года Генпракуратура Украіны паведаміла аб арышце 33 тон мінеральных угнаенняў, якія належаць прадпрыемствам з Расіі і Беларусі.

26 траўня ў марскім порце Мікалаеўскай вобласці было арыштавана каля 77 тыс. тон мінеральных угнаенняў ААТ “Беларуськалій“ разам з 188 вагонамі. Кошт актываў ацэньваўся ў 20 млн долараў.

Падзяліцца: