Мінск 18:43

Праз пажар на птушкафабрыцы ў Веткаўскім раёне загінула 62,5 тыс. куранят

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

31 снежня, Позірк. Два пажары на сельскагаспадарчых аб’ектах адбыліся 30 снежня, паведамляе Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Раніцай узнікла ўзгаранне ў аднапавярховым цагляным будынку птушкафабрыкі прадпрыемства “Беларуснафта-Асобіна” ў аграгарадку Навасёлкі (Веткаўскі раён Гомельскай вобласці).

У выніку пажару загінула 62.504 куранят-бройлераў (усяго ў птушніку ўтрымлівалася 67.554 кураня трохдзённага ўзросту).

Агнём пашкоджана 42 кв. м шыфернага даху, сістэма вентыляцыі і транспартавальная стужка.

Акрамя таго, позна ўвечары адбыўся пажар у цагляным будынку кароўніка на тэрыторыі малочнатаварнай фермы ў вёсцы Чапялі (Салігорскі раён Мінскай вобласці).

У агні загінула цяля (узрост — тры дні), знішчана два і пашкоджаны адзін дамок для цялят.

Агулам за мінулыя дзяжурныя суткі на тэрыторыі Беларусі адбылося дзевяць пажараў (ад пачатку года — 6.205; +8,4% да аналагічнай даты 2023-га).

Падзяліцца: