Мінск 22:13

Лукашэнка ўключыў у спіс адрасатаў навагодніх віншаванняў кіраўніцтва Славакіі, выключыў прэм’ера Арменіі

31 снежня, Позірк. Аляксандр Лукашэнка накіраваў віншаванні з новым 2025 годам лідарам 64 дзяржаў, вынікае з інфармацыі на яго сайце.

Спіс амаль ідэнтычны леташняму, пры гэтым тады ў яго ўвайшлі (і захаваліся) такія краіны як Алжыр, Ангола, Кенія, Мазамбік, Намібія, Нігерыя, Уганда, Каморскія выспы, Лаос, Сінгапур, М’янма і Філіпіны. Упершыню ўключаны кіраўнік Экватарыяльнай Гвінеі.

Выключаны прэм’ер-міністр Арменіі Нікол Пашынян, якога Лукашэнка раней рэгулярна віншаваў з навагоднімі святамі разам з прэзідэнтам краіны. Відавочна, гэта звязана з заявамі Пашыняна на адрас беларускага палітыка ў 2024 годзе.

Спіс папоўнілі прэзідэнт і прэм’ер-міністр Славакіі, якая пасля змены ўлады актыўна развівае супрацоўніцтва з Расіяй і робіць крокі насустрач беларускаму рэжыму.

З адрасатаў у Еўропе захавалі прысутнасць кіраўніцтва Венгрыі, Сербіі, Рэспублікі Сербскай, Мальтыйскага Ордэна, Манака, Ватыкана. Два гады запар адсутнічае ў спісе кіраўніцтва Балгарыі і Чарнагорыі, гэта ж тычыцца такіх лацінаамерыканскіх краін, як Панама, Перу і Чылі.

Уключаны ў спіс новы прэзідэнт Ірана: ранейшага прэзідэнта краіны, які загінуў у авіякатастрофе сёлета ў траўні, Лукашэнка з навагоднімі святамі не віншаваў. Пасля гадавога перапынку Лукашэнка павіншаваў прэзідэнта Ізраіля.

У сувязі са зменай кіраўніцтва і палітычнага курсу са спісу знік прэзідэнт Аргенціны.

У спіс адрасатаў не ўключаны прыведзены да прысягі Міхаіл Кавелашвілі, якога Лукашэнка павіншаваў з абраннем на пасаду 14 снежня. Пятага прэзідэнта Грузіі Саламэ Зурабішвілі беларускі палітык апошні раз віншаваў з навагоднімі святамі 31 снежня 2022 года.

Прэзідэнта Украіны Уладзіміра Зяленскага Лукашэнка віншаваў з навагоднімі святамі адзін раз, 31 снежня 2019 года.

У сувязі са звяржэннем са спісу выключаны прэзідэнт Сірыі Башар Асад, які традыцыйна ўваходзіў туды.

Падзяліцца: