Мінск 17:03

Ціханоўская абмеркавала са спікерам літоўскага Сейма непрызнанне выбараў

Фота: прэс-служба Ціханоўскай

7 студзеня, Позірк. Непрызнанне прэзідэнцкіх выбараў 26 студзеня ў Беларусі абмеркавалі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская і спікер літоўскага Сейма Саулюс Скверняліс на сустрэчы ў Вільнюсе 7 студзеня, паведаміў “Позірку” яе галоўны дарадца Франак Вячорка.

“Ціханоўская і Скверняліс пагадзіліся, што так званыя “выбары” ў Беларусі не маюць нічога агульнага з сапраўднымі выбарамі. Спікер падкрэсліў, што гэта фарсаваны працэс, і палітычныя рашэнні неабходна прымаць ужо цяпер, не чакаючы яго завяршэння”, — дадаў ён.

Абмяркоўваліся таксама пагрозы ад рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, уключаючы прысутнасць расійскіх войскаў і ўзбраення на тэрыторыі Беларусі. “Адзначана, што гэтыя дзеянні ставяць пад пагрозу рэгіянальную стабільнасць і памежную бяспеку”, — сказаў Вячорка.

Ціханоўская заклікала літоўскіх парламентарыяў ўзмацніць міжнародны ціск на рэжым Лукашэгкі, каб дамагчыся вызвалення ўсіх палітвязняў.

На сустрэчы таксама разглядаліся “шляхі паляпшэння легалізацыі і ўмоў жыцця беларусаў, якія знаходзяцца ў Літве”, абмяркоўвалася “інтэграцыя беларускай дыяспары ў культурнае і эканамічнае жыццё краіны”.

Спікер літоўскага Сейма, паводле Вячоркі, адзначыў, што беларусы, якія знаходзяцца ў Літве, павінны мець ясныя перспектывы, каб планаваць будучыню і лепш інтэгравацца ў жыццё краіны. Ён таксама падкрэсліў, што Літва працягне падтрымліваць грамадзянскую супольнасць Беларусі і дысідэнтаў, якія пакутуюць ад рэжыму Лукашэнкі.

“Сёння мы гаварылі аб тым, што ўжо ёсць некаторая напружанасць наконт тых рашэнняў, якія прыняты адносна тых людзей, якія беглі сюды ад рэжыму, перанеслі сюды свой бізнес”, — заявіў кіраўнік Сейма журналістам па выніках сустрэчы.

“Супольнасць, якая тут, калі б яна бачыла доўгатэрміновую перспектыву, то інтэграцыйныя працэсы — вывучэнне літоўскай мовы, інтэграцыя ў наша грамадства — было б лягчэй”, — цытуе яго Delfi.

54-гадовы былы прэм’ер-міністр Літвы ўзначаліў Сейм у лістападзе мінулага года.

Падзяліцца: