Мінск 15:07

Пракурор запытаў пажыццёвае зняволенне для абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы Герцэн

13 студзеня, Позірк. На пасяджэнні Акруговага суда Варшавы 13 студзеня пракурор запытаў пажыццёвае зняволенне для абвінавачанага ў забойстве беларускі Лізаветы Герцэн Дарыяна С., паведаміў “Белсат“.

Таксама пракурор запатрабаваў абавязаць абвінавачанага выплаціць кампенсацыі ў памеры па 200 тыс. злотых (каля 48 тыс. долараў) прызнанымі пацярпелымі па справе хлопцу загінулай і яе сям’і, якая пражывае ў Беларусі. Чакаецца, што прыгавор будзе абвешчаны 17 студзеня.

7 жніўня 2024 года прэс-сакратар Акруговай пракуратуры Пётр-Антоні Скіба паведаміў, што ”атрымана экспертнае заключэнне ад псіхіятраў, псіхолага і сэксолага, у якім змяшчаецца выснова аб тым, што падазраваны з’яўляецца разумным і можа прымаць удзел у бягучым дасудовым разглядзе, а таксама ў судовых паседжаннях”.

Пра тое, што пракуратура перакваліфікавала абвінавачанне 23-гадоваму Дорыяну С., які напаў 25 лютага мінулага года ў цэнтры Варшавы на беларуску, якая пасля памерла, стала вядома 11 красавіка.

Першапачаткова ён быў абвінавачаны ў замаху на забойства, спалучаным з згвалтаваннем і рабаваннем, затым — у забойстве на сэксуальнай глебе і разбоі.

Паводле распаўсюджанай тады ў польскіх СМІ інфармацыі, раней у пракуратуры не было доказаў таго, што напад стаў непасрэднай прычынай смерці беларускі, але затым сабраная доказная база (у тым ліку вынікі ўскрыцця) дазволіла абвінаваціць С. у забойстве.

Па версіі следства, раніцай 25 лютага 2024 года малады чалавек, пагражаючы Герцэн нажом, адцягнуў яе да брамы шматкватэрнага дома ў цэнтры польскай сталіцы, дзе згвалтаваў, душыў і жорстка збіў. Пасля гэтага ён пакінуў 25-гадовую ахвяру ў непрытомным стане, адправіўся ў краму, а затым на трамваі вярнуўся ў здымную кватэру, дзе жыў з дзяўчынай.

С. арыштавалі ў той самы дзень на выхадзе з дому. Пры пяротрусе ў кватэры былі выяўлены вялікі кухонны нож і балаклава, якія, як мяркуе следства, былі пры ім падчас здзяйснення злачынства.

1 сакавіка Герцэн памерла ў бальніцы. Яе пахавалі 14 сакавіка на Паўночных камунальных могілках Варшавы.

Трагедыя выклікала вялікі грамадскі рэзананс як у Беларусі, гэтак і ў Польшчы. Некалькі тысяч чалавек 6 сакавіка прынялі ўдзел у вулічнай акцыі памяці загінулай у Варшаве.

Падзяліцца: