Мінск 02:01

Літва вырашыла і надалей прапускаць асобныя аўто з беларускімі нумарамі, але Мінск рэкамендуе не ездзіць у гэтую краіну

Ілюстрацыйнае фота: wroom.ru

18 студзеня, Позірк. З рэкамендацыяй да грамадзян не рызыкаваць, здзяйсняючы паездкі ў Літву, выступіў прэс-сакратар Міністэрства замежных спраў Беларусі Анатоль Глаз (з 14 студзеня — амбасадар у Турцыі, цяпер завяршае працу ў знешнепалітычным ведамстве).

Дыпламат выказаўся наконт гэтага ў сувязі з выбарчым падыходам Вільнюса да пропуску ў краіну аўтамабіляў на беларускіх нумарах і апошнімі зменамі гэтай палітыкі.

Летась улетку Літва забараніла ўязджаць на сваю тэрыторыю зарэгістраваным у Беларусі аўто, але неўзабаве ўвяла некаторыя выключэнні — да 18 студзеня 2025 года. За дзень да заканчэння гэтага тэрміну Мытны дэпартамент пры Міністэрстве фінансаў паведаміў, што з 14 лютага 2025 года ўдзел транспарту з беларускімі нумарамі ў дарожным руху на літоўскай тэрыторыі будзе магчымы пры выкананні ўсё тых жа ўмоў.

Глаз у чарговы раз раскрытыкаваў Вільнюс за ўведзеную ўлетку 2024 года забарону, якая, на яго думку, “стварае сур’ёзныя праблемы для звычайных людзей”, прычым “беспадстаўна, толькі на падставе капрызу асобных палітыкаў і ўсеўладных спецслужбаў Літвы”.

“Таму і ў гэтай сытуацыі не варта ім давяраць. <…> Ніякіх сур’ёзных ці доўгатэрміновых гарантый няма, адказнага падыходу — таксама, — цытуе дыпламата дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА. — Найсур’ёзныя рашэнні прымаюцца з лёгкасцю, пры адсутнасці прававых і маральна-этычных рамак, без дыскусіі і дэмакратычных абмежаванняў. Сёння забарона, заўтра — скасаванне, паслязаўтра зноў забарона. І ў любы момант можа быць яшчэ што заўгодна”.

Суседнія краіны Еўрасаюза сталі пастрожваць палітыку знаходжання на сваёй тэрыторыі зарэгістраванага ў Беларусі транспарту неўзабаве пасля таго, як 29 чэрвеня 2024 года Савет ЕС прыняў новыя абмежавальныя меры ў сувязі з удзелам рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў агрэсіі РФ супраць Украіны. Сярод іншага была пашырана забарона на перавозку грузаў аўтатранспартам па тэрыторыі ЕС прычэпамі і паўпрычэпамі з беларускай рэгістрацыяй, у тым ліку пры перавозцы грузавікамі, зарэгістраванымі не ў Беларусі.

17 ліпеня літоўская мытня абвясціла, што з наступнага дня перастане ўпускаць у краіну транспарт з беларускімі нумарамі. Грамадзянам Беларусі, чый аўтамабіль ужо быў на тэрыторыі Літвы, рэкамендавалі выехаць ці перарэгістраваць яго на працягу шасці месяцаў. Ведамства папярэдзіла, што пасля 18 студзеня 2025 года знаходжанне ў краіне аўто з беларускай рэгістрацыяй будзе лічыцца парушэннем закона і карацца штрафам або канфіскацыяй транспарту.

Пад забарону не трапіў дыпламатычны транспарт і аўтамабілі, якія перавозяць парэшткі памерлых.

Праз месяц, 17 жніўня, пачаў дзейнічаць шэраг выключэнняў з абмежавальных правіл. Было дазволена знаходзіцца ў краіне аўтамабілям з беларускай рэгістрацыяй, калі яны не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам Беларусі, што маюць сапраўдную літоўскую візу або дазвол на жыхарства ў гэтай дзяржаве (часовы або сталы). Пры ўездзе ў Літву за стырном мусіць быць уладальнік.

Выключэнне не тычылася легкавых аўтамабіляў, якія належаць юрыдычным асобам або выкарыстоўваюцца ў камерцыйных мэтах.

Акрамя таго, быў дазволены ўезд аўтамабілям, што не прызначаныя для продажу і належаць грамадзянам дзяржаў ЕС, якія пражываюць у Беларусі.

Падзяліцца: