БелАЗ, БМЗ, БАТЭ і яшчэ шэраг беларускіх прадпрыемстваў вырабляюць снарады для расійскіх РСЗА “Град” — BelPol (дапоўнена)
19 студзеня, Позірк. Шэраг беларускіх дзяржаўных прадпрыемстваў уцягнутыя ў масавую вытворчасць снарадаў для расійскага войска, паведамляе аб’яднанне былых сілавікоў BelPol.
Расследаванне пра гэта выйшла на ютуб-канале арганізацыі.
Сярод прадпрыемстваў, якія ўдзельнічаюць у вытворчасці снарадаў калібраў 122 і 152 мм, называюцца Беларускі аўтамабільны завод і завод БАЗцьюб (абодва — Жодзіна, Мінская вобласць), Беларускі металургічны завод (Жлобін, Гомельская вобласць), Барысаўскі завод аўтатрактарнага электраабсталявання (БАТЭ, Мінская вобласць), завод “Легмаш” (Орша, Віцебская вобласць), Завод дакладнай электрамеханікі (Мінск).
Адзначаецца, што таксама ў “схему ўваходзяць” прадпрыемствы “Гомсельмаш”, Гомельскі завод ліцця і нармалей, Мінскі аўтамабільны завод, Мінскі трактарны завод, Мінскі падшыпнікавы завод, ААТ “ММЗ імя Вавілава”, Аршанскі інструментальны завод, Маладзечанскі завод парашковай металургіі (Мінская вобласць), холдынг “Гарызонт”, ААТ “Інтэграл”, ААТ “Планар”, ААТ “Амкадор”, ААТ “Тэрмапласт” (усе — Мінск), Рагачоўскі завод “Дыяпраектар” (Гомельская вобласць).
Значная частка снарадаў, паводле звестак BelPol, прызначаная для выкарыстання рэактыўнымі сістэмамі залпавага агню “Град”, якімі расійскае войска абстрэльвае Украіну.
У пачатку фільма расследвальнікі нагадваюць пра сустрэчу 3 снежня 2022 года міністра абароны Віктара Хрэніна з расійскім калегам Сяргеем Шайгу (цяпер сакратар Савета бяспекі РФ). Кіраўнікі ведамстваў тады падпісалі пагадненне “Аб сумесным забеспячэнні бяспекі ў ваеннай сферы”. BelPol сцвярджае, што гэты дакумент “мае на ўвазе дапамогу Беларусі Расіі ў знішчэнні Украіны”.
У расследаванні звяртаецца ўвага, што на той сустрэчы сярод іншых прысутнічалі намеснік прэм’ер-міністра, які раней доўгі час узначальваў БелАЗ, Пётр Пархомчык і старшыня Дзяржаўнага ваенна-прамысловага камітэта (ДВПК) Дзмітрый Пантус.
У рамках рэалізацыі пагаднення, як заяўляецца, 16 студзеня 2023 года Пархомчык сустракаўся з міністрам прамысловасці і гандлю РФ Дзянісам Мантуравым, гаворка тады ішла “аб пастаўках камплектуючых да рэактыўных снарадаў 122 і 152 мм”.
“З гэтага часу Пантус пачынае бамбіць лістамі дырэктара расійскага акцыянернага таварыства “Тэхнадынаміка” з запытамі на пастаўку ў Беларусь камплектуючых да боепрыпасаў калібра 122 і 152 мм”, — гаворыцца ў фільме.
Паводле звестак BelPol, беларускі бок хацеў набыць у РФ “выбухоўнікі, парахавыя зарады, гільцы і іншую прадукцыю, якая дазваляе ажыццяўляць зборку рэактыўных снарадаў”.
Копіі лістоў Пантуса дэманструюцца ў расследаванні.
Расійскі бок не змог паставіць камплектуючыя, бо “яму самому не хапае боепрыпасаў для працягу бойні ва Украіне”, адзначаюць расследвальнікі, “і тады была прынята рашэнне максімальна лакалізаваць вытворчасць дэталяў на тэрыторыі Беларусі”.
Беларусь узяла на сябе абавязацельства штомесяц вырабляць па 10 тыс. снарадаў названых калібраў.
З мэтай рэалізацыі праекта паміж Заводам дакладнай электрамеханікі і расійскім НВА “Сплаў” 8 сакавіка 2023 года быў заключаны кантракт на пастаўку 184.269 корпусна-механічных частак рэактыўнага снарада ў рамках абароннага заказу РФ, паведамляецца ў расследаванні.
Згодна з кантрактам, сцвярджае BelPol, пачынаючы з верасня 2023 года беларускі бок пачынае пастаўляць па 13 тыс. камплектаў частак для рэактыўных снарадаў 122 мм. “Назад у Беларусь вяртаецца штомесяц 1.000 гатовых сабраных снарадаў. Аднак кожны месяц у Расіі застаецца 12 тыс. камплектаў дэталяў, якія ператвараюцца ў снарады для рускіх “Градаў”, — гаворыцца ў фільме.
Канкрэтна ў гэтым вытворчым ланцужку, як адзначаецца, задзейнічаны БМЗ, БАЗцьюб, “Легмаш” і Завод дакладнай электрамеханікі.
Пры гэтым у працэсе вытворчасці “паўсталі праблемы” — недахоп спецыялістаў і брак, бо “тэхналагічныя працэсы не засвоеныя як след”, удакладняе BelPol. Праз гэта, як паведамляецца, пад пагрозай аказалася выкананне плана паставак.
Падкрэсліваецца, што “вырашаць гэтыя праблемы дапамагае БелАЗ”.
Сярод іншага жодзінскі аўтавытворца забяспечвае гальванапакрыццё камплектуючых для снарадаў, лік такіх дэталяў ідзе на тысячы. Таксама БелАЗ “закупляе трубы 122 мм для наступнага вырабу снарадаў”.
Пацвярджаючыя дакументы ўдзелу аўтазавода ў такіх дзеяннях паказаны ў расследаванні, з іх відаць, што разлікі паміж БелАЗам і БАЗцьюбам ажыццяўляліся ў расійскіх рублях.
Акрамя гэтага, прыводзяцца доказы дэлегавання на БАЗцьюб супрацоўнікаў БелАЗа (названы шэраг прозвішчаў) для вырабу снарадаў.
Гаворачы аб “Легмашы”, расследвальнікі канстатуюць, што “вайна, мякка кажучы, некалькі змяніла профіль прадпрыемства”. У прыватнасці, у 2023 годзе колькасць супрацоўнікаў кампаніі павялічылася на 275 чалавек (+65%).
“Легмаш”, як сцвярджаецца, працуе на войска РФ у саюзе з БМЗ, ажыццяўляецца вытворчасць корпусна-механічных частак для рэактыўных снарадаў для РСЗА “Град”. Удакладняецца, што прадпрыемства разлічвае выйсці на “вытворчую магутнасць у 240 тыс. камплектаў штогод”.
Брак прадукцыі пры вытворчасці ўзбраенняў аўтары расследавання ацэньваюць як высокі. Паводле іх звестак, да канца 2023 года на “Легмашы” ён дасягнуў 70%.
“Толькі ў верасні 8.872 камплекты для пастаўкі ў Расію былі прызнаныя непрыдатнымі. Бракаваную прадукцыю давялося вывозіць на іншыя прадпрыемствы для выпраўлення браку”, — адзначаюць расследвальнікі, прыводзячы Аршанскі інструментальны завод у якасці прыкладу такога прадпрыемства.
Каб разабрацца ў прычынах браку, уладам “давялося праводзіць следчыя мерапрыемствы”, падкрэслівае BelPol.
Зрыў планаў, паводле сцвярджэння аўтараў, вымусіў Пантуса ў лістападзе 2023 года адправіцца ў РФ “на паклон да сваіх расійскіх гаспадароў”. Просьба чыноўніка аб пераносе тэрмінаў была задаволеная расійскім бокам.
Неўзабаве “Пантус прапанаваў, а Лукашэнка падтрымаў перавод “Легмаша” пад крыло ГВПК”, кантролем якасці прадукцыі занялося таксама Міністэрства прамысловасці.
“Натхняльнікам праекта” ў расследаванні называецца Аляксандр Лукашэнка.
Аўтары фільма звяртаюць увагу на яго візіты ў 2023 і 2024 гадах на Завод дакладнай электрамеханікі і “Легмаш”. На аршанскім прадпрыемстве, дзе быў зафіксаваны вялікі брак, Лукашэнка выступіў перад працоўным калектывам і выказаў незадаволенасць працай прадпрыемства. У фільме таксама паказана, як ідэолаг завода Вольга Вавулінская дзякуе візіцёру за перавод “Легмаша” ў падпарадкаванне ГВПК.
У расследаванні раскрываюцца далейшыя планы беларускіх прамысловых прадпрыемстваў па працы на Мінабароны РФ.
У прыватнасці, паведамляецца, што Маладзечанскі завод парашковай металургіі арганізуе вытворчасць выбухоўнікаў да рэактыўных снарадаў калібра 122 мм. У 2025–2027 гадах плануецца павялічыць штогадовы выраб такой прадукцыі з 40 тыс. да 120 тыс. адзінак. Пры гэтым, як адзначаецца, выбухоўнікі аднесеныя ўладамі да катэгорыі “сацыяльна значных прадуктаў”, таму фінансаванне праекта будзе цалкам забяспечана за кошт дзяржбюджэту.
У цэлым у 2023–2024 гадах Беларусь паставіла Расіі каля 155 тыс. рэактыўных снарадаў. Паводле ацэнак BelPol, імі “можна накрыць плошчу ў 562 квадратныя кіламетры”.
Усяго, як паведамляецца, у РФ будзе пастаўлена 4 млн 514 тыс. 207 дэталяў і зборак да рэактыўных снарадаў на амаль 260 млн долараў.
“Гандаль смерцю выгадны рэжыму Лукашэнкі”, — заяўляюць аўтары расследавання.
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЗавочны працэс над полацкім бізнесменам Захаравым адновіцца 28 студзеня, справу будзе разглядаць новы суддзяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ГрамадстваУ Віцебску 18 студзеня перакрыты тэмпературны рэкорд больш чым 30-гадовай даўніныМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Выбары, Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаЦіханоўская: Каліноўскі — прыклад для нашых народаў, як трэба змагацца адзін за аднагоМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Палітыка
- Палітыка26 студзеня Ціханоўская абмяркуе выбары ў Беларусі з міністрамі замежных спраў краін ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, ПалітыкаДзве траціны міжнародных назіральнікаў за выбарамі-2025 — прадстаўнікі постсавецкіх інтэграцыйных структурМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Выбары, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- Выбары, Палітыка
- ЭканомікаСярэднія працэнтныя стаўкі па крэдытах за год выраслі на 0,38 працэнтнага пунктаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Выбары, Палітыка
- ЭканомікаСукупны аб'ём валавога рэгіянальнага прадукта Мінскай вобласці і сталіцы складае палову ўсяго ВУП БеларусіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Выбары, Палітыка
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 17 студзеня 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Эканоміка