Мінск 12:10

Чарговы раз Лукашэнка заявіў, што не абмяркоўваў з Пуціным аб’яднанне Беларусі і РФ

Лукашэнка і Пуцін на палях саміта ШАС у Астане (3 ліпеня 2024 года)
Фота: тэлеграм-канал "Пул першага"

26 студзеня, Позірк. “Мы з [прэзідэнтам Расіі Уладзімірам] Пуціным абмяркоўваем пытанне нашай будучыні”, — заявіў Аляксандр Лукашэнка 26 студзеня на прэс-канферэнцыі ў БДУФК пасля галасавання на мерапрыемстве, якое ўлады называюць “прэзідэнцкімі выбарамі”.

Спікер заявіў пра гэта ў кантэксце адказу на пытанне, якім ён бачыць 2030 год, калі ў Беларусі і Расіі павінны прайсці наступныя прэзідэнцкія выбары.

Паводле слоў Лукашэнкі, “варыянтаў куча”. “Расія крыху па іншым шляху пачала развівацца, а цяпер больш ведаеце куды схіляецца, — сказаў ён (на падставе жывой трансляцыі тэлеканала “Першы інфармацыйны”). — Мы <…> не вілялі нідзе. Чаму камуністы сёння (хоць я не ўзначальваю кампартыю) супраць мяне не жадаюць галасаваць? Бо і камуністаў мы не адкінулі, і тую палітыку, якую ў Савецкім Саюзе кампартыя праводзіла — мы шмат узялі, станоўчае”.

Такім чынам, паводле слоў Лукашэнкі, “будучыня павінна базавацца на падмурку мінулым”. “Мы з Пуціным абмяркоўваем пытанне нашай будучыні, але мы бярэм па макулінках (мы ж дасведчаныя людзі) і складаем па макулінках усё лепшае, каб, калі ў нас не атрымаецца гэта зрабіць (падмурак мы моцны заклалі, яшчэ ўмацуем яго), каб нашы дзеці ў гэтым кірунку рухаліся”, — заявіў спікер.

“Таму мы, так, абмяркоўваем, як мы будзем жыць, як мы будзем супрацоўнічаць. Але нічога падобнага — яшчэ раз хачу апраўдацца, на жаль, даводзіцца — у нашых размовах не было пра тое, што мы аб’яднаемся ў адну дзяржаву і паглынем адзін аднаго. Навошта? Мы разумныя людзі. Мы сёння ствараем такую ўнікальнае саюзнае ўтварэнне, якога наогул планета не ведала. Не ўсё ідзе бязбольна, але мы рухаемся наперад, пераадольваючы ўсякія завалы і складанасці”, — дадаў ён.

Пры адказе на пытанне пра будучыню Лукашэнка згадаў пра сёлетнюю электаральную кампанію.

“Я не хацеў ісці на гэтыя выбары, — сцвярджае ён. — І некалькі месяцаў таму — месяцы тры ці чатыры, калі там [была старшыня Савета Рэспублікі Качанава] Наталля Іванаўна на апошнім Савеце бяспекі, сярод людзей, якія вырашалі гэта… зацікаўленыя ў гэтым, я пра гэта сказаў. [Сказаў:] “Хлопцы, ну колькі можна ўжо, ну, 30 гадоў. Чыста вонкава нават неяк непрыстойна, я ўжо сябе не ў сваёй талерцы адчуваю, як быццам нікога няма”. Чаму я пра Наталлю Іванаўну кажу, яна першая паднялася: “Не!” Я яе не бачыў такой. “Вы што, кідаеце ўсё? Вы сыходзіце? Мы не гатовы сёння <…> бачыць іншага кандыдата”. Я кажу: “Няхай народ вылучае — і пайшло-паехала”.

Летась у лістападзе Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Смаленскай вобласці РФ Васілём Анохіным заявіў, што “ніколі не чуў” ад Пуціна пра жаданне жыць у адной дзяржаве, “у гэтым няма ніякай неабходнасці”.

Паводле яго сцвярджэння, Расія “коса не глядзіць” на Беларусь, “гадасцей ніякіх не робіць”, “наадварот, падтрымлівае ў самыя цяжкія і складаныя часы”. Мінск, адзначыў ён, “адпаведна да гэтага падыходзіць і ставіцца”.

“Маюцца дзве дзяржавы, маецца агульная айчына. Расіяне не пярэчаць супраць гэтага. Яно ад Брэста да Уладзівастока. Гэта наша айчына. Гэтым усё сказана, — заявіў Лукашэнка. — Але так здарылася, не па нашай віне, — у нас дзве дзяржавы — Беларусь і Расія”.

Варта адзначыць, што ў жніўні 2002 года Уладзімір Пуцін на сустрэчы з Лукашэнкам прадставіў некалькі мадэляў беларуска-расійскай інтэграцыі. Адна з іх прадугледжвала стварэнне адзінай краіны з агульным парламентам і кіраўніком дзяржавы (эксперты канстатавалі, што гэта фактычна азначала б уваходжанне Беларусі ў склад РФ на правах суб’екта федэрацыі), другая — аб’яднанне па схеме Еўрасаюза. Неўзабаве з’явілася яшчэ адна прапанова — аб’яднанне на аснове палажэнняў дагавора аб стварэнні Саюзнай дзяржавы.

7 верасня Лукашэнка заявіў у Полацку, што яму “прапанавалі інкарпарацыю плюс пасекчы Беларусь і ўключыць” у склад Расіі. 9 верасня яго прэс-служба апублікавала тэкст інтэрв’ю тэлеканалу НТВ, у якім Лукашэнка назваў першы варыянт аб’яднання — “падзяліць Беларусь на часткі і ўключыць іх у склад Расійскай Федэрацыі” — непрахадным, да якога “нават Сталін у свой час не дадумаўся”. 23 верасня быў прадстаўлены тэкст інтэрв’ю “Бі-Бі-Сі”, дзе ён зноў заявіў пра непрымальнасць варыянту “раздзялення” краіны і “ўключэння яе ў склад Расіі (ды і любой дзяржавы)”.

Расія пачала фарсіраваць тэму інтэграцыі з Беларуссю ў снежні 2018 года. Дзмітрый Мядзведзеў, які на той момант займаў пасаду прэм’ер-міністра РФ, фактычна ўвязаў максімальнае збліжэнне дзвюх краін з далейшай падтрымкай Мінска з боку Масквы.

На сустрэчы з расійскімі журналістамі ў тым жа месяцы Лукашэнка заявіў, што ўспрымае рыторыку “некаторых” у РФ такім чынам: “Атрымаеце нафту, але вы давайце разбурайце краіну і ўступайце ў склад Расеі”. “Расія гатовая сёння прыняць Беларусь абласцямі ці цалкам у склад Расіі? Вы падумайце пра наступствы. Вы гатовыя да гэтага? І як на гэта паглядзяць у нашай краіне? Ды і ў вашай, ды і міжнародная грамадскасць. Не мыццём, дык катаннем інкарпарацыя краіны ў склад іншай краіны”, — сказаў ён.

Лукашэнка ў той ці іншай форме паўтараў словы пра намер Расіі інкарпараваць Беларусь аж да прэзідэнцкіх выбараў 2020 года. Пасля таго як Масква падтрымала яго на фоне маштабных пратэстаў супраць фальсіфікацый і жорсткасці сілавікоў у дачыненні да народа, Лукашэнка актывізаваў працэсы інтэграцыі з РФ. Збліжэнне ў палітычным, ваенным і эканамічным плане інтэнсіфікавалася ў 2022 годзе — пасля поўнамаштабнага расійскага ўварвання ва Украіну, калі рэжым у Мінску даў Крамлю тэрыторыю для нападу і стаў усяляк садзейнічаць яе агрэсіўным дзеянням.

25 кастрычніка 2024 года ў інтэрв’ю расійскаму выданню “Известия” Лукашэнка заявіў, што ў РФ “маюцца сілы, якія б хацелі далучэння Беларусі, але гэта немагчыма”. “Так пытанні ставіць нельга, — сказаў ён. — Гэта немагчыма і нерэалізавальна. Баюся нават сказаць, што гэта вайна. Але вы бачыце нашыя стасункі з Пуціным. Маса перамоў, кантактаў, асабістых і іншых. У нас ніколі так пытанне не стаяла. Ну ў Расіі некаму карціць і ў высокіх колах. Трэба гэта выкінуць”.

“Мы можам выбудаваць такія стасункі, якія будуць больш шчыльныя і моцныя, чым ва ўнітарнай дзяржаве. І ніхто ні на кога крыўдзіцца не будзе. Нам гэта трэба”, — адзначыў Лукашэнка.

Падзяліцца: