Мінск 12:17

Ціханоўская: Лукашэнка застанецца ў гісторыі як здраднік і злачынец, а не гарант незалежнасці

Фота: "Позірк"

26 студзеня. Позірк. Сёлетнюю электаральную кампанію ў Беларусі “называлі ўжо рознымі словамі — фарс, імітацыя, нават спецаперацыя”, але “адно з самых трапных азначэнняў гэтага ўсяго — здзек”, заявіла дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 26 студзеня ў Варшаве на масавай акцыі беларускай дыяспары.

“Гэта здзек над выбарчай працэдурай, над самой ідэяй выбараў. Здзек над беларусамі і міжнароднай супольнасцю. І гэта здзек не толькі маральны, але і фізічны. Катаванні, рэжым інкамунікада, прапагандысцкія відэа, запісаныя пад прымусам. Здзек над палітвязнямі і іх блізкімі”, — адзначыла палітык.

“Віктар Бабарыка, Паліна Шарэнда-Панасюк, Мікалай Статкевіч, Павел Севярынец, Сяргей Ціханоўскі, Марыя Калеснікава, Ігар Лосік, Анджэй Пачобут і тысячы, тысячы іншых беларусаў. Яны церпяць толькі за тое, што хацелі скарыстацца сваім правам змяніць жыццё ў Беларусі да лепшага. А гэта значыць — змяніць бяздарную, адсталую, аўтарытарную ўладу на сучасную, еўрапейскую і дэмакратычную. Бо беларусы вартыя лепшай улады. Беларусы годныя лепшага”, — дадала Ціханоўская.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі, паводле яе слоў, працягвае “здзеквацца не толькі з беларусаў, але і з украінцаў, патрабуючы, каб яму дазволілі ўдзельнічаць у мірных перамовах”. “Быццам ён забыўся, што гэта ён з Пуціным і распачаў гэтую вайну, уцягнуў у яе нашу краіну. Ён нясе адказнасць за ўсе пакуты і ўсе ахвяры нашых людзей”, — падкрэсліла дэмлідар.

“На мінулым тыдні пад Бахмутам загінула [беларуская дабраахвотніца] Маша Зайцава. Ёй было ўсяго 24 гады. У 2020-м яе юны твар, пакалечаны карнікамі Лукашэнкі, стаў сімвалам нашай барацьбы і сімвалам нашай мужнасці. Яна аддала сваё жыццё не толькі за Украіну, але і за Беларусь. Так, за Беларусь, бо сёння змаганне за Украіну азначае і змаганне за нашу будучыню”, — сказала Ціханоўская.

Яна прапанавала ўдзельнікам мітынгу, на якім сабралося каля 500 чалавек, ушанаваць хвілінай маўчання памяць Зайцавай і “ўсіх добраахвотнікаў і палітвязняў, якія загінулі ад рук лукашэнкаўскага і пуцінскага рэжымаў”.

Фота: "Позірк"

“Мы працягнем нашу барацьбу, пакуль кожны і кожная не вернецца дадому. Мы будзем дабівацца адказнасці кожнага, хто выбраў удзел у рэпрэсіях, несправядлівых судах ці фальсіфікацыю выбараў. Мы з вамі будзем умацоўваць голас Беларусі на міжнароднай арэне. І не дапусцім, каб наша краіна стала суцяшальным прызам Пуціна”, — заявіла палітык.

Паводле яе сцвярджэння, неабходна таксама “дапамагаць усім, хто церпіць пераслед у Беларусі, і беларусам за мяжой”. “Мы з вамі павінны аднавіць добрае імя Беларусі, каб на беларусаў не глядзелі якя на суагрэсараў. І прыйдзе той дзень, калі беларусы змогуць вольна падарожнічаць па Еўропе, а пры вяртанні дадому памежнікі не будуць кантраляваць іх смартфоны, шукаючы крамолу”, — сказала дэмлідар.

“Нашы студэнты, бізнесоўцы і рабочыя будуць вучыцца і зарабляць без страху за наступны дзень. У школах не будзе хлусні пра тое, як добра нам жылося пры Сталіне ці Лукашэнку. А сам Лукашэнка застанецца ў гісторыі як здраднік і злачынец, а не гарант незалежнасці, як бы яму ні хацелася і колькі б разоў ён сам сябе ні пераабіраў”, — падкрэcліла яна.

“Мы ўжо сказалі ўсе разам цвёрдае “не” чатыры гады таму. Сёння ў адказ на яго безвыбарчую клаўнаду можам гэта толькі паўтарыць. Пакуль мы усе разам, мы ўсё адолеем”, — падсумавала Ціханоўская.

Падзяліцца: