Прадстаўнікі запатрабаваных прафесій будуць менш плаціць за арэнднае жыллё

27 студзеня, Позірк. Раённыя і гарадскія выканкамы будуць вызначаць пералік адмыслоўцаў, у якіх мае патрэбу рэальны сектар і сацыяльная сфера рэгіёну, і прымаць рашэнні аб выдзяленні ім арэнднага жылля. Гэта прадугледжана падпісаным 27 студзеня ўказам “Аб асаблівасцях выдзялення і выкарыстання арэнднага жылля”, паведамляе прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі.
У дакуменце адзначана, што прадстаўнікам “найбольш запатрабаваных прафесій” з правам на атрыманне арэнднага жылля плата за карыстанне ім “будзе разлічвацца з улікам паніжальнага каэфіцыента”.
“Указ скіраваны на падвышэнне сацыяльнай абароненасці адмыслоўцаў у розных галінах эканомікі, у тым ліку тых, хто прыбыў для працы на падставе размеркавання, і будзе садзейнічаць іх замацаванню на працоўных месцах”, — гаворыцца ў паведамленні.
Аб’ёмы будаўніцтва арэнднага жылля “пакуль не дазваляюць цалкам задаволіць існыя патрэбы”, заявіла на прэс-канферэнцыі ў Мінску 21 кастрычніка 2024 года намесніца начальніка галоўнага ўпраўлення будаўніцтва і жыллёвай палітыкі Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Іна Пінкоўская.
За апошнія пяць гадоў, паводле слоў чыноўніцы, штогадовы аб’ём будаўніцтва арэнднага жылля вырас у тры разы: у 2019 годзе было пабудавана 113 тыс. кв. м дзяржаўнага арэнднага жылля, у 2023 годзе ўжо было ўведзена ў эксплуатацыю 316 тыс. кв. м.
Праз запатрабаванасць такога жылля “дзяржава шукае розныя дадатковыя крыніцы фінансавання такога будаўніцтва”, дадала яна.
На сёння будаўніцтва арэнднага жылля ажыццяўляецца ў асноўным або за кошт сродкаў бюджэту, або за кошт арэнднай платы, якая паступае ад грамадзян, якія пражываюць у такім жыллі, удакладніла прадстаўніца профільнага упраўлення.
Для пашырэння крыніц фінансавання быў прыняты ўказ № 344 “Аб субсідзіраванні юрыдычных асоб пры ўзвядзенні або набыцці жылых памяшканняў” (набыў моц 1 студзеня 2025 года), які прадугледжвае прадастаўленне юрыдычным асобам (дзяржаўным арганізацыям і таварыствам з доляй дзяржавы ў статутным фондзе) субсідый на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытамі, якія гэтыя арганізацыі будуць атрымліваць на будаўніцтва арэнднага жылля для наступнай перадачы яго сваім работнікам.
Пры гэтым парадак і ўмовы перадачы такога жылля будуць дыктаваць самі арганізацыі, яны вызначаць катэгорыі, якія змогуць засяліцца ў новапабудаваныя кватэры. Пры гэтым не менш як 20% ад такога жылля арганізацыі абавязаны перадаць маладым спецыялістам і маладым работнікам, падкрэсліла прадстаўніца Мінбудархітэктуры.
Беларускія ўлады выкарыстоўваюць арэнднае жыллё ў якасці адной з ільгот для сілавікоў. Згодна з профільным указам ад 13 лютага 2023 года № 37, арэнднае жыллё бязвыплатна перадаецца ва ўласнасць пры наяўнасці 25 каляндарных гадоў выслугі на вайсковай службе. Пры 20 гадах выслугі жыллё “перадаецца на платнай аснове, з магчымасцю аплаты яго кошту ў растэрміноўку да 15 гадоў”.
У студзені — жніўні 2024 года арганізацыі ўсіх форм уласнасці пабудавалі 22,4 тыс. новых кватэр — на 3,4% менш, чым за аналагічны перыяд 2023 года (23,2 тыс.), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаВільнюскі саміт асудзіў Беларусь за дапамогу РФ нароўні з КНДР і ІранамМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаТравень стаў рэкордным месяцам ад пачатку года паводле колькасці спробаў нелегалаў трапіць з Беларусі ў ЕС (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ЭканомікаПерапад тэмператур у меншай ступені паўплываў на расліны ва ўгноеных глебах — Інстытут меліярацыіМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- ЭканомікаУ свеце адбылося 3–5 цыклаў рэканструкцыі меліярацыйных сістэм, у Беларусі спрабуюць правесці першы — МінсельгасхарчМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства
- ПалітыкаВячорка: Наўроцкі цудоўна ведае беларускую сітуацыю і разумее важнасць Беларусі для ПольшчыМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Палітыка
- ПалітыкаКарбалевіч: У пытанні Беларусі сярод польскіх палітыкаў існуе кансэнсус (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаАбранне новага прэзідэнта Польшчы не прывядзе да неадкладных наступстваў для Беларусі, лічыць ШрайбманМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+