Мінск 08:46

У Гомельскім раёне праходзяць трохдзённыя вучэнні тэраабароны і інжынерных падраздзяленняў

Тэрытарыяльная абарона ў Кармянскім раёне Гомельскай вобласці
Архіўнае фота: kormanews.by

28 студзеня, Позірк. Тактычныя вучэнні з сіламі тэрытарыяльнай абароны Гомельскага раёна праходзяць 28–30 студзеня, паведамляе прэс-служба Міністэрства абароны.

Адзначаецца, што акрамя вайсковых часцей і падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў у манеўрах удзельнічаюць інжынерныя падраздзяленні Узброеных сіл.

Мэты вучэнняў, паводле сцвярджэння ваеннага ведамства, заключаюцца ў тым, каб “удасканаліць навыкі камандзіраў па кіраванні падпарадкаванымі падраздзяленнямі тэрытарыяльных войскаў, а таксама навучыць асабовы склад гэтых падраздзяленняў выкананню сваіх абавязкаў пры вырашэнні задач тэрытарыяльнай абароны ва ўзаемадзеянні з вайсковымі часцямі Узброеных сіл”.

У рамках манеўраў плануецца “адпрацаваць пытанні” забеспячэння тэраабароны боепрыпасамі; вядзення выведкі “раёнаў верагоднага знаходжання праціўніка, маршрутаў яго вылучэння” і арганізацыі “засадных дзеянняў”; прымянення падраздзяленняў тэрытарыяльных войскаў “у тым ліку ў ходзе ўтрымання і прыкрыцця пазіцый і месцаў выканання задач мінна-выбухнымі і невыбухнымі загародамі”.

Пра пачатак збораў вайсковаабавязаных тэрытарыяльных войскаў Гомельскага раёна стала вядома 8 студзеня.

На фоне збораў памежная служба Украіны (Гомельскі раён мяжуе з Чарнігаўскай вобласцю) не фіксавала якіх-небудзь пагроз — перамяшчэння тэхнікі або людзей побач з мяжой.

Тэрытарыяльныя войскі — род войскаў Узброеных сіл, які склікаецца ў перыяд вайны або напружанай ваенна-палітычнай абстаноўкі. Выконвае дапаможныя функцыі. Складаецца з асоб, якія прайшлі службу і знаходзяцца ў запасе.

Разам з тым міністр абароны Віктар Хрэнін на сустрэчы з кіраўніцтвам выканкамаў — Мінскага гарадскога і абласных, а таксама вайсковымі камісарамі са сталіцы і рэгіёнаў 26 траўня 2023 года ў Гомелі заявіў, што тэрытарыяльная абарона “з сістэмы забеспячэння трансфармуецца ў паўнавартасную баявую”.

Рэжым Аляксандра Лукашэнкі няспынна праводзіць вучэнні, трэніроўкі, зборы на фоне абвастрэння стасунказ з Захадам і поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны, у якой афіцыйны Мінск падтрымлівае Крэмль.

Падзяліцца: