Мінск 17:40

У 2024 годзе здзейснена больш за 1,4 тыс. “ліхадзействаў з удзелам непаўнагадовых” — МУС

Крыніца: soyuz.by

2 лютага, Позірк. Больш за 1,4 тыс. “ліхадзействаў з удзелам непаўнагадовых” зафіксавана ў 2024 годзе, паведамляе Міністэрства ўнутраных спраў.

“Пераважаюць крадзяжы, незаконны абарот сродкаў плацяжу, махлярствы, а таксама нарказлачынствы, — удакладняе ведамства. — Акрамя таго, супрацоўнікамі выяўлена і спынена 268 “п’яных вечарынак”, на якіх прысутнічалі звыш 800 дзяцей. Ужыванне алкаголю, цыгарэт, вейпаў, наркотыкаў часцяком прыводзіць да непрыемных, а часам і трагічных наступстваў”.

Адзначаюцца таксама “небяспекі” ў інтэрнэце. “Выкарыстоўваючы магчымасці сеткі і адпрацаваныя схемы падману, зламыснікі ўцягваюць падлеткаў у злачынствы. У гэтай сувязі асаблівая ўвага надаецца прафілактычнай працы, накіраванай на недапушчэнне ўключэння дзяцей у распаўсюд наркотыкаў, выраб парнаграфіі, перасылку інтымных малюнкаў і многае іншае”, — заявілі ў ведамстве.

Часцей за ўсё, сцвярджае МУС, “прычынамі здарэнняў з удзелам непаўнагадовых з’яўляюцца іх неасцярожныя паводзіны, недастатковы кантроль з боку дарослых і незанятасць падлеткаў у вольны ад вучобы час”.

“Варта рэгулярна нагадваць дзецям аб правілах бяспечных паводзін, уключаючы інтэрнэт. Цікаўцеся колам зносін сваіх дзяцей, устанавіце з імі па-сапраўднаму даверныя адносіны. Сумеснымі намаганнямі мы зможам уберагчы іх ад бяды”, — заклікала ведамства.

Рост падлеткавай злачыннасці канстатаваў генеральны пракурор Андрэй Швед 9 студзеня на пасяджэнні рэспубліканскай каардынацыйнай нарады па барацьбе са злачыннасцю і карупцыяй.

Пры гэтым, паводле даных нагляднага ведамства, за апошнія 10 гадоў узровень злачыннасці сярод непаўнагадовых паменшыўся ў два разы. За апошнія пяць гадоў колькасць злачынстваў, учыненых непаўнагадовымі, зменшылася на 25%.

На думку Генпракуратуры, гэта адбылося “з прычыны належнай каардынацыі пракурорамі дзейнасці дзяржаўных органаў”.

Паводле звестак МУС, за 10 гадоў колькасць непаўнагадовых, уцягнутых у незаконны абарот наркотыкаў, зменшылася ў пяць разоў, з 371 да 66. Разам з тым ва ўсіх рэгіёнах МУС адзначае рост колькасці нарказлачынстваў, учыненых непаўнагадовымі.

Падзяліцца: