Мінск 23:11

Дзяржпагранкамітэт паведаміў пра гібель на мяжы з Латвіяй мігранта “арабскай знешнасці”

7 лютага, Позірк. Дзяржаўны пагранічны камітэт (ДПК) паведамляе, што 6 лютага на мяжы з Латвіяй было знойдзена цела мігранта “арабскай знешнасці”.

Заяўляецца, што дакументаў пры іншаземцы не было, а яго цела знаходзілася за 15 метраў ад памежнай агароджы “на зямлі паміж дрэвамі”.

На месца прыбыла следча-аператыўная група, падчас яе работы, як сцвярджае Следчы камітэт, “побач знаходзіліся латвійскія вайскоўцы”, якія “фіксавалі ўсё, што адбываецца, на тэлефон”.

Паводле адной з версій СК, прычынай смерці мігранта магло стаць пераахаладжэнне.

У ДПК заявілі, што з 2021 года “ў выніку міграцыйнай палітыкі Еўрасаюза на беларуска-латвійскім участку знойдзены 26 целаў бежанцаў”.

19 снежня мінулага года намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення аператыўна-вышуковай дзейнасці ДПК Мікалай Барэйка падчас “адзінага дня інфармавання” паведаміў, што з 2021 года на мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза загінула 72 мігранты.

Беларускія ўлады рэгулярна заяўляюць пра пакуты, фізічныя траўмы і гібель іншаземцаў на мяжы з краінамі ЕС, нязменна ўскладаючы адказнасць за гэта на супрацоўнікаў сілавых ведамстваў Польшчы, Літвы і Латвіі. Пры гэтым беларускі бок не тлумачыць, якім чынам мігранты з’яўляюцца на мяжы з краінамі ЕС у зоне адказнасці пагранічнага ведамства.

Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЕС працягваецца з вясны 2021 года. Улады суседніх еўрапейскіх дзяржаў называюць яго “гібрыднай атакай”, арганізаванай рэжымамі ў Мінску і Маскве.

У 2024 годзе суседнія краіны Еўрапейскага саюза зафіксавалі 36.291 спробу мігрантаў незаконна перасекчы мяжу з боку Беларусі — на 13,8% менш, чым у 2023 годзе (42.078), сведчыць праведзены “Позіркам” аналіз звестак памежных службаў.

На польскім участку мяжы ЕС за год зарэгістравана 29.972 такія спробы (+17,2%; 25.571), на латвійскім — 5.317 (-61,7%; 13.863), на літоўскім — 1.002 (-62,1%; 2.644).

Падзяліцца: