Мінск 21:37

Лукашэнка хоча навучаць у Беларусі святароў-“патрыётаў“

10 лютага, Позірк. У Беларусі павінны быць свае кадры святароў, “патрыётаў, якія любяць сваю краіну і абараняюць“, заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лютага падчас сустрэчы з прадстаўнікамі рэлігійных канфесій.

Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэс-служба, таксама паведаміў, што яшчэ гадоў 10-15 таму ўздымалася пытанне пра каталіцкіх святароў у Беларусі і ён, сустракаючыся з папам рымскім, казаў яму не дасылаць у Беларусі з Польшчы святароў. “Вы ж разумееце, што заўсёды недавер нейкі і іншае“, — прызнаўся Лукашэнка, які неаднаразова даваў зразумець, што пад патрыятызмам мае на ўвазе лаяльнасць і адданасць яму асабіста, а пад захаваннем дзяржавы — кансервацыю ягонага рэжыму.

“Я не ведаю, як цяпер, выраўнялася сітуацыя ці не, але такіх скаргаў няма“, — адзначыў ён, мабыць, маючы на ўвазе адсутнасць данясенняў аб нядобранадзейнасці святароў.

Палітык таксама прапанаваў стварыць у Беларусі рэлігійныя цэнтры: “Храмаў шмат. Але павінен быць найважнейшы храм, святыня, куды будуць прыходзіць людзі не толькі з Беларусі, не толькі нашы суседзі, але і з далёкага замежжа. Таму падумайце і занясіце прапановы. Мы разам з грамадствам, нашым народам — я думаю, ён падтрымае такую ідэю — стварыць такія цэнтры прыцягнення нашых вернікаў, якой бы канфесіі яны ні належалі“.

Лукашэнка дадаў, што ўсе канфесіі каштоўнасныя для дзяржавы і яго асабіста.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання на карысць Лукашэнкі.

Як сведчаць звесткі ініцыятывы “Хрысціянская візія“, 86 хрысціянскіх служыцеляў зведалі пераслед за чатыры гады грамадска-палітычнага крызісу.

У канцы снежня 2024 года Мінскі абласны суд прыгаварыў да 11 гадоў пазбаўлення волі 64-гадовага каталіцкага святара, пробашча касцёла ў Валожыне Генрыха (Генадзя) Акалатовіча. Ксёндз прызнаны вінаватым паводле арт. 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве). Адзначаецца, што ён “не прызнаваў віну”.

Як паведамляў партал katolik.life, працэс праходзіў у закрытым рэжыме, яго вёў суддзя Уладзімір Арэшка. У публікацыі гаварылася, што на абвяшчэнне прысуду “не прыйшоў ніхто з епіскапату і нунцыятуры”.

Паводле інфармацыі экспертаў, з 1 верасня 2020 года да 30 лістапада 2024-га з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік рымска-каталіцкага касцёла ў Беларусі, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, 5 — Беларускай грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя хрысціянскія служыцелі былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Падзяліцца: