Мінск 10:28

Лукашэнка разлічвае на сустрэчу з папам рымскім Францішкам

10 лютага, Позірк. Пра павагу да папы рымскага Францішка заявіў Аляксандр Лукашэнка 10 лютага падчас сустрэчы з рэлігійнымі лідарамі.

Лукашэнка, якога цытуе ягоная прэс-служба, таксама папрасіў перадаць пантыфіку “самыя добрыя пажаданні“.

“Гэта сапраўды моцны чалавек. Чалавек, які не проста жыве і служыць. Ён умее гаварыць прама ў вочы тое, што думае, для прадстаўнікоў усіх слаёў насельніцтва. Думаю, што прыйдзе час, і мы абавязкова сустрэнемся з папам рымскім“, — заявіў Лукашэнка.

Таксама ён выказаўся пра прэзідэнцкія выбары, якія прайшлі 26 студзеня, заявіўшы, што ў Беларусі правялі іх “як нідзе“.

“Я пра гэта марыў, і гэта здарылася. Здзівіла ўсіх, хто прыехаў назіраць за гэтымі выбарамі, прыемна здзівіла. Выбары — гэта сведчанне таго, што мы зрабілі высновы са сваіх памылак, якія дапускалі ў нашым грамадстве і я, і ўлада, і вы ў тым ліку. Мы добрую працу над памылкамі правялі”, — дадаў ён, публічна не канкрэтызаваўшы, ці мае ён на ўвазе масавыя рэпрэсіі, каб пазбегнуць паўтарэння пратэстаў 2020 года.

Як заявіў Лукашэнка, сустрэча з прадстаўнікамі канфесій “была запланаваная напярэдадні выбараў“, але ён “адразу адхіліў гэтую ідэю“: “Не хацеў, каб папракалі мяне, што пад выбары гульня нейкая. Сустрэнемся пасля выбараў і пагаворым. Гэта не палітычная акцыя з выкарыстаннем нашых цэркваў і вернікаў праз вас”.

Паводле сцвярджэння Лукашэнкі, у найноўшай гісторыі “беларуская зямля не ведала рознагалоссяў, пераследу паводле рэлігійнай, нацыянальнай, расавай прыкметы“, усе канфесіі “жывуць тут у атмасферы ўзаемнай павагі, міру і згоды“.

“Мы з болем у сэрцы бачым, да чаго дайшла сітуацыя ва Украіне, напрыклад. Нас таксама спрабавалі разгайдаць у 2020 годзе, і ў тым ліку па рэлігійных пытаннях. Невыпадкова адзін з наймацнейшых інфармацыйных удараў быў нанесены менавіта па святароў”, — сказаў Лукашэнка, не патлумачыўшы, што мае на ўвазе пад гэтым.

Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года адносіны дзяржавы і касцёла ў Беларусі ўскладніліся ў сувязі з тым, што многія каталіцкія іерархі і вернікі адкрыта выступілі супраць хвалі гвалту і рэпрэсій, якія рушылі за масавымі пратэстамі.

Як сведчаць звесткі ініцыятывы “Хрысціянская візія“, 86 хрысціянскіх служыцеляў зведалі пераслед за чатыры гады грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі.

Паводле інфармацыі экспертаў, з 1 верасня 2020 года па 30 лістапада 2024-га з рэпрэсіямі ў той ці іншай форме сутыкнуўся 31 прадстаўнік рымска-каталіцкага касцёла, 30 — розных пратэстанцкіх цэркваў, 20 — Беларускага экзархату Рускай праваслаўнай царквы, 5 — грэка-каталіцкай царквы.

Некаторыя хрысціянскія служыцелі былі вымушаныя пакінуць краіну, асобныя знаходзяцца ў няволі ў рамках палітычна матываваных крымінальных спраў і прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітвязнямі.

Беларускія ўлады неаднаразова заяўлялі пра блізкасць пазіцый Мінска і Ватыкана. Шэраг экспертаў мяркуе, што рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае кантакты са Святым Пасадам агудам для наладжвання дыялогу з Захадам.

Лукашэнка двойчы наведваў Ватыкан. У красавіку 2009 года ён сустракаўся з папам рымскім Бенедыктам XVI, у траўні 2016-га — з Францішкам.

17 снежня 2024 года Лукашэнка, віншуючы Францішка з 88-годдзем, у чарговы раз запрасіў яго наведаць Беларусь. Фактычна кіраўнік Святога Пасаду не можа прыехаць з-за негалоснага правіла: папа не наведвае краіны, дзе дамінуе іншая канфесія або рэлігія, без згоды адпаведнага рэлігійнага лідара. У выпадку Беларусі, якая лічыцца краінай з праваслаўнай большасцю, гаворка пра патрыярха Маскоўскага і ўсёй Русі Кірыла. Прадстаяцель Рускай праваслаўнай царквы згоду на візіт не даваў.

Дэмакратычныя краіны вынікі студзеньскіх выбараў не прызналі.

Падзяліцца: