Мінск 22:13

За першую дэкаду лютага ў вадаёмах патанула пяць чалавек

Ілюстрацыйнае фота: Tim Marshall / unsplash.com

11 лютага, Позірк. За першую дэкаду лютага 2025 года ў Беларусі патанула пяць чалавек, сведчыць праведзены“Позіркам” аналіз штодзённых зводак Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

У штучным вадаёме ў вёсцы Сяльцо (Гарадоцкі раён Віцебскай вобласці) 4 лютага патануў мужчына 1960 года нараджэння.

5 лютага ў Мікашэвічах (Лунінецкі раён Брэсцкай вобласці) у штучным вадаёме загінуў мужчына (1952 г.н.).

Цела патанулага пенсіянера (1946 г.н.) было знойдзена 9 лютага ў штучным вадаёме ў вёсцы Галубоўка (Брагінскі раён Гомельскай вобласці).

Дзве трагедыі здарыліся 10 лютага: у рацэ Свіслач каля аграгарадка Турэц (Чэрвеньскі раён Мінскай вобласці) і ў возеры Шо ля вёсцы Надазер’е (Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці) патанулі мужчыны (1957 і 1969 г.н. адпаведна).

За першую дэкаду 2024 года, паводле даных МНС, патанула тры чалавекі.

6 лютага старшыня Беларускага рэспубліканскага таварыства ратавання на водах Андрэй Чарняўскі заявіў, што вынікам праводзімай у 2024 годзе работы стала “зніжэнне гібелі ў адносінах да мінулага года і да гэтых пяці папярэдніх гадоў”.

Паводле яго слоў, з агульнай колькасці трагедый 10% адбыліся ў прыватных падворках. “На гэту катэгорыю паўплываць вельмі складана”, — падкрэсліў кіраўнік арганізацыі.

Падзяліцца: