Лукашэнка пацвердзіў планы правесці чарговае пасяджэнне УНС у красавіку

11 лютага, Позірк. “Следам за электаральнай кампаніяй на красавік запланаванае правядзенне чарговага пасяджэння Усебеларускага народнага сходу” (УНС), заявіў 11 лютага на пасяджэнні прэзідыума УНС яго старшыня Аляксандр Лукашэнка.
Спікер, як вынікае з інфармацыі яго прэс-службы, мае намер выступіць на сходзе з пасланнем беларускаму народу і парламенту. “Гэта і справаздача перад людзьмі, і вызначэнне задач на перспектыву, і адказы на самыя жыццёвыя актуальныя пытанні, — заявіў ён. — Краіна ўступіла ў пяцігодку якасці. Дадзены старт “году добраўпарадкавання”. Завяршаецца апошні год пяцігодкі (2021–2025 гадоў). Гэта прадвызначае складанасць і комплекснасць задач, якія стаяць перад намі”.
Адзначаецца, што дэлегаты УНС упершыню заслухаюць даклад прэм’ер-міністра пра выкананне праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. “У сваім выступленні кіраўнік урада павінен не толькі адсправаздачыцца аб праведзенай працы, але і акрэсліць контуры стратэгіі праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця на будучую пяцігодку”, — заявіў Лукашэнка.
УНС таксама трэба “прыняць шэраг кадравых рашэнняў”. На ўзгадненне сходу Лукашэнка мае намер вынесці кандыдатуры “суддзяў вышэйшых судоў”. “Спіс вы маеце, — паведаміў спікер. — Прадставяць гэтых людзей старшыні Канстытуцыйнага і Вярхоўнага судоў. Калі вы іх падтрымліваеце, то пытанне пра іх абранне ўключым у парадак дня сходу”.
“Усебеларускі народны сход мусіць займаць сваю нішу ў дзяржаве і не ўмешвацца ў кампетэнцыю іншых дзяржаўных органаў. Нельга спарадзіць новыя нарады, перапіску, фармалізм. І галоўнае не павінна быць сутыкання ілбамі адных органаў улады з іншымі і ўсіх разам з УНС. Мы, як першапраходцы, ідзем па цаліне, фармуем структуру на гады наперад. І ад гэтага рашэння шмат у чым залежыць прадуктыўнасць і аўтарытэт самога сходу, іншых органаў дзяржаўнага кіравання”, — сказаў Лукашэнка.
Напрыканцы снежня 2024 года старшыня пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Сяргей Сівец выказаў меркаванне, што чарговае пасяджэнне УНС пройдзе ў красавіку — “з улікам каляндарнага цыкла”.
Усебеларускі народны сход склікаецца з ініцыятывы Лукашэнкі з 1996 года, як правіла, у перыяд палітычных кампаній.
VII пасяджэнне УНС, які атрымаў канстытуцыйны статус па выніках не прызнанага цывілізаванымі краінамі рэферэндуму 27 лютага 2022 года, было праведзена ў Мінску летась 24–25 красавіка. Старшынёй прэзідыума сходу практычна аднагалосна абраны Лукашэнка.
Паводле абноўленай рэдакцыі Канстытуцыі, УНС з’яўляецца “вышэйшым прадстаўнічым органам народаўладдзя”, які вызначае “стратэгічныя кірункі развіцця грамадства і дзяржавы”, забяспечвае “непахіснасць канстытуцыйнага ладу, пераемнасць пакаленняў і грамадзянскую згоду”. Максімальная колькасць дэлегатаў УНС — 1.200, тэрмін іх паўнамоцтваў — пяць гадоў. Пасяджэнні УНС павінны праводзіцца не радзей як адзін раз на год.
УНС зацвярджае асноўныя кірункі ўнутранай і знешняй палітыкі, ваенную дактрыну, канцэпцыю нацыянальнай бяспекі, праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця; заслухоўвае штогадовыя пасланні прэзідэнта да парламента; мае права заканадаўчай ініцыятывы, можа прапаноўваць змены і дапаўненні ў Канстытуцыю, разглядаць пытанне пра легітымнасць выбараў ды інш.
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаВіцэ-прэзідэнт Кангрэса мясцовых і рэгіянальных уладаў заклікала дапамагаць беларусам, якія засталіся без дакументаў за мяжойМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, ПалітыкаУ дзень заявы Туска пра гатоўнасць адкрыць яшчэ два памежныя пераходы зафіксаваная рэкордная за тыдзень актыўнасць нелегалаў на польскай мяжы (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- ПалітыкаЛукашэнка захапіў уладу толькі дзякуючы жорсткасці, рэпрэсіям і падтрымцы Пуціна — Ціханоўская (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Палітыка, ЭканомікаПасля паслаблення амерыканскіх санкцый "Белавія" будзе прасцей працаваць з доларам — гендырэктар перавозчыкаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Палітыка
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Грамадства, Эканоміка
- Палітыка
- ПалітыкаЦіханоўская: У дэмакратыі ёсць інструменты, каб спыніць дыктатараў і войны (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Бяспека, Грамадства, Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка



