З падаўжэннем паўнамоцтваў Лукашэнку павіншаваў прэзідэнт Грузіі
![](https://pozirk.online/wp-content/uploads/2024/12/mikheil-kavelashvili_newsgeorgia_1128x752.jpg)
11 лютага, Позірк. Прэзідэнт Грузіі Міхеіл Кавелашвілі павіншаваў з падаўжэннем паўнамоцтваў Аляксандра Лукашэнкі, паведамляе яго прэс-служба.
Адзначаецца, што Кавелашвілі выказаў надзею на развіццё адносін паміж краінамі “на карысць іх народаў”. Таксама ён падзякаваў Лукашэнку за аналагічнае віншаванне на свой адрас.
“Мы цэнім шматгадовыя стасункі паміж Грузіяй і Рэспублікай Беларусь. Узаемная павага суверэнітэту і тэрытарыяльнай цэласнасці з’яўляецца найважнейшым падмуркам нашага супрацоўніцтва і адносін паміж нашымі народамі”, — заявіў Кавелашвілі.
Згадванне ў віншаванні “павагі тэрытарыяльнай цэласнасці” Грузіі разыходзіцца з рэальнасцю.
28 верасня 2022 года Лукашэнка здзейсніў візіт у Абхазію, дзе сустрэўся з тагачасным кіраўніком самаабвешчанай дзяржавы на тэрыторыі Грузіі Асланам Бжаніяй. Візіцёр тады заявіў: “Настальгія ніколі не пакідае нас. У далёкія часы, магчыма, у 25–27 гадоў я быў на гэтай святой зямлі. Натуральна, не прэзідэнтам. Можна сказаць, звычайным чалавекам, дэпутатам парламента”.
Паводле яго слоў, прыезд беларускай дэлегацыі ў Абхазію не быў звязаны “з нейкай асаблівай сітуацыяй”. Лукашэнка назваў рэспубліку “райскім кутком”, а яе жыхароў — “святымі людзьмі”. “Мы хочам наладзіць не проста мост дружбы, а вельмі сур’ёзныя адносіны”, – заявіў ён.
21 лютага 2023 года Лукашэнка прыняў Бжанію ў Мінску.
Грузінскія ўлады раскрытыкавалі Мінск за падобныя кантакты Лукашэнкі ў абыход Тбілісі.
Незалежнасць Абхазіі прызнаюць Расія, Нікарагуа, Венесуэла, Науру і Сірыя. Пасля ўзброенага канфлікту 2008 года, у якім Абхазію актыўна падтрымала Расія, Тбілісі дэ-факта страціў кантроль над гэтай тэрыторыяй.
Юрыдычна Беларусь не прызнала незалежнасць Абхазіі.
Электаральная працэдура 26 студзеня 2025 года, якая называецца “сёмымі выбарамі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь”, прайшла пад поўным кантролем уладаў на фоне палітычных рэпрэсій.
Па стане на 11 лютага віншаванні з “перавыбраннем” Лукашэнка атрымаў ад кіраўнікоў 34 дзяржаў: Азербайджана, Алжыра, Бахрэйна, Босніі і Герцагавіны, Венесуэлы, В’етнама, Ганы, Грузіі, Зімбабвэ, Ірана, Казахстана, Катара, Кеніі, Кітая, КНДР, Кубы, Кыргызстана, Лаоса, Манголіі, Нігерыі, Нікарагуа, ААЭ, Амана, Пакістана, Расіі, Садаўскай Аравіі, Сербіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Узбекістана, Шры-Ланкі, Экватарыяльнай Гвінеі і Эсваціні.
Пра непрызнанне вынікаў “выбараў” у той ці іншай форме заявіла 40 краін: Аўстралія, Аўстрыя, Албанія, Андора, Бельгія, Балгарыя, Вялікабрытанія, Германія, Грэцыя, Данія, Ірландыя, Ісландыя, Іспанія, Італія, Канада, Кіпр, Латвія, Літва, Ліхтэнштэйн, Люксембург, Мальта, Малдова, Нідэрланды, Новая Зеландыя, Нарвегія, Польшча, Партугалія, Румынія, Сан-Марына, Паўночная Македонія, Славенія, Украіна, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чарнагорыя, Чэхія, Швейцарыя, Швецыя і Эстонія.
Кавелашвілі быў адзіным кандыдатам на пасаду прэзідэнта Грузіі, яго вылучыла правячая партыя “Грузінская мара”, абвешчаная пераможцам на спрэчных парламенцкіх выбарах у кастрычніку 2024 года. 14 снежня ён быў абраны кіраўніком грузінскай дзяржавы.
Упершыню за час незалежнасці Грузіі прэзідэнта абралі не ўсеагульным галасаваннем, а праз калегію выбаршчыкаў (у спісе было 300 асоб — 150 парламентарыяў, 109 членаў органаў мясцовага самакіравання, 21 дэпутат Вярхоўнага савета Аджарыі і 20 прадстаўнікоў Вярхоўнага савета Абхазіі).
Кавелашвілі быў абраны 224 з 225 выбаршчыкаў, якія ўдзельнічалі ў галасаванні (пры неабходным парозе ў 200 галасоў). Варта адзначыць, што ўсе сябры органаў мясцовага самакіравання былі прадстаўнікамі “Грузінскай мары“, у кіруючай партыі таксама больш за палову крэслаў у парламенце.
53-гадовы Кавелашвілі быў дэпутатам парламента двух папярэдніх скліканняў, прайшоў і ў склад сёлетняга. У яго няма вышэйшай адукацыі, што некалі перашкодзіла яму — прафесійнаму футбалісту — балатавацца на пасаду прэзідэнта Федэрацыі футбола Грузіі.
Грамадска-палітычны крызіс у Грузіі разгарэўся пасля парламенцкіх выбараў 26 кастрычніка. Кіруючая партыя “Грузінская мара”, паводле звестак Цэнтрвыбаркама, атрымала 89 са 150 дэпутацкіх крэслаў. Апазіцыйныя сілы абвінавацілі палітычных канкурэнтаў у фальсіфікацыях і не прызналі вынікі выбараў. Аб’яднанні “Кааліцыя за перамены”, “Моцная Грузія” і “Адзінства — Нацыянальны рух”, якія прайшлі ў парламент, адмовіліся ў агульнай колькасці ад 49 дэпутацкіх мандатаў (партыя “За Грузію” на такі крок не пайшла, але выбары не прызнала).
28 лістапада прэм’ер-міністр Іраклій Кабахідзэ — экс-старшыня “Грузінскай мары” — сярод іншага абвясціў аб рашэнні замарозіць перамовы аб членстве краіны ў ЕС да 2028 года. Ягоная заява справакавала новы віток пратэстаў, якія ўлады сталі жорстка падаўляць.
Акцыі пратэсту ў Грузіі праходзяць штодня да гэтага часу. Палітычныя рэпрэсіі ў краіне ўзмацняюцца.
- ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 11 лютага 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- ПалітыкаПлатформа "Новая Беларусь" правяла рэбрэндынг і змяніла назвуМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаАктыўнасць нелегалаў на мяжы Беларусі і ЕС у чатыры разы перавышае паказчыкі пачатку мінулага года (падрабязна)Матэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Палітыка
- Грамадства
- Грамадства
- Палітыка
- Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Грамадства, Палітыка
- Палітыка
- Палітыка
- Палітыка, Эканоміка
- Грамадства
- Эканоміка
- Палітыка
- ЭканомікаБеларусь завяршыла 2024 год лідарам у ЕАЭС паводле росту цэн на сельгаспрадукцыюМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Эканоміка
- Грамадства, ПалітыкаБеларусь — лабараторыя рэпрэсій, заяўляе ЦіханоўскаяМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+
- Грамадства
- Грамадства, Палітыка
- Грамадства, ПалітыкаХроніка палітычных рэпрэсій за 8–10 лютага 2025 годаМатэрыял даступны толькі падпісчыкам ПОЗІРК+