Мінск 18:39

Мінфін абвясціў чарговае замяшчэнне еўрааблігацый беларускімі дзяржаблігацыямі

20 лютага, Позірк. 24 лютага 2025 года адбудзецца планавая замена еўрааблігацый Рэспублікі Беларусь з пагашэннем 24 лютага 2026 года (Беларусь-2026, ISIN XS2120091991/US07737JAЕ38) і 24 лютага 2031 года (Беларусь-2031, ISIN XS2120882183/US07737JAD54) на дзяржаўныя аблігацыі Рэспублікі Беларусь выпускаў № 334 і № 335 адпаведна, паведаміла Міністэрства фінансаў.

Адзначаецца, што “да працэдуры дапушчаныя заяўкі, пададзеныя трымальнікамі і верыфікаваныя ў парадку, вызначаным пастановай Савета міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь ад 26.09.2022 №643/20 “Аб правядзенні асобных аперацый з дзяржаўнымі каштоўнымі паперамі”. Дэпазітарый-нерэзідэнт — Нацыянальны разліковы дэпазітарый (Расійская Федэрацыя). Намінальны кошт адной аблігацыі 1.000 долараў ЗША”.

“Памеры ставак працэнтнага даходу, тэрміны яго выплаты і пагашэння аблігацый адпавядаюць стаўкам і тэрмінах па еўрааблігацыях Беларусь-2026 і Беларусь-2031. Разлікі па аблігацыях выпускаў № 334 і № 335 будуць праводзіцца ў беларускіх рублях па курсе Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь, устаноўленым за тры працоўныя дні да даты пагашэння аблігацый і (або) выплаты працэнтнага даходу. У рамках замяшчэння трымальнікам будзе ажыццёўленая выплата акумуляванага працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Беларусь-2026 і Беларусь-2031 з улікам пацвярджэння імі правоў валодання каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплаты даходу устаноўленыя эмісійнымі дакументамі“, — адзначыла фінансавае ведамства.

21 студзеня Мінфін паведаміў, што замяшчальныя дзяржаўныя аблігацыі Беларусі выпуску № 331 (ISIN BYM00001818) “даступныя да таргоў“ на пляцоўках Беларускай валютна-фондавай біржы (БВФБ) і Маскоўскай біржы (MOEX).

Адзначалася, што інвестары “могуць ажыццяўляць аперацыі з дадзенымі каштоўнымі паперамі ў адпаведнасці з дзейным заканадаўствам і правіламі таргоў“.

27 снежня 2024 года Мінфін анансаваў правядзенне першага замяшчэння беларускіх еўрааблігацый выпуску № 331 з пагашэннем 29 чэрвеня 2027 года дзяржаблігацыямі.

“Дзяржаўныя аблігацыі выпуску № 331 на суму 240,4 млн долараў пераведзеныя ва ўліковую інфраструктуру Нацыянальнага разліковага дэпазітарыя (РФ) для залічэння на рахункі трымальнікаў еўрааблігацый“, — адзначыла тады прэс-служба Мінфіна.

Замена была праведзеная 1.760 трымальнікам, што прайшлі верыфікацыю ў Рэспубліканскім цэнтральным дэпазітарыі каштоўных папер (Беларусь).

“У рамках замены выплачваецца раней акумуляваны працэнтны даход з улікам пацверджання трымальнікамі правоў валодання дадзенымі каштоўнымі паперамі на адпаведныя даты выплат даходу“, — падкрэсліла ведамства.

Згаданае замяшчэнне анансаваў міністр фінансаў Юрый Селівёрстаў на тэлеканале “Беларусь 1” (выйшла 10 лістапада 2024 года).

Тады ён заявіў, што асноўная маса трымальнікаў беларускіх еўрабондаў, тэрмін выплаты па якіх на той момант ужо наступіў, свае грошы атрымала. “Знойдзены механізм, якім чынам яны пераводзяць на нашы рахункі аблігацыі, мы пераводзім ім у беларускіх рублях плацяжы, і гэты механізм працуе”, — сказаў Селівёрстаў.

Пытанні пагашэння “тых папер, тэрмін пагашэння па якіх яшчэ не наступіў, але яны таксама па сутнасці заблакаваныя”, паводле слоў чыноўніка, будзе вырашацца шляхам выпуску “аблігацый-замяшчальнікаў”. “Цяпер мы збіраем заяўкі, <…> у снежні першае замяшчэнне мы зробім, і ўжо на наступныя выпускі, 2026 года, будзем працаваць па гэтым кірунку. Банк развіцця, дарэчы, у рамках такога ж механізму паводле сваіх нарматыўных папер таксама пачаў выплаты, і гэты працэс ідзе”, — адзначыў тады чыноўнік.

28 чэрвеня 2022 года Савет міністраў і Нацыянальны банк у якасці контрсанкцый прынялі сумесную пастанову, згодна з якой “выкананне даўгавых абавязацельстваў па дзяржаўных каштоўных паперах, размешчаных на знешніх фінансавых рынках, будзе ажыццяўляцца ў беларускіх рублях па курсе Нацбанка на дату плацяжу”.

З тых часоў Беларусь практыкуе пералік плацяжоў па даўгах у рублях на спецрахунку ў “Беларусбанку”.

Напярэдадні абвяшчэння тэрміну дэбютнага замяшчэння еўрааблігацый Міністэрства фінансаў таксама паведаміла, што згодна з сумеснай пастановай Савета міністраў і Нацбанка ад 23 снежня 2024 года № 999/34 права на атрыманне выплат па еўрааблігацыях Беларусь-2023 (ISIN XS1634369067 і US07737JAB98) праз дэпазітарый-нерэзідэнт цяпер таксама маюць трымальнікі аблігацый, якія набылі каштоўныя паперы да даты ўказанай пастановы.

Пры гэтым “захоўваецца абавязковая ўмова аб пераводзе еўрааблігацый на рахунак эмітэнта”. “Актуалізацыя парадку ўлічвае назапашаны вопыт, а таксама бягучыя ўмовы функцыянавання фінансавага рынку“, — адзначала ведамства.

Апошні раз Міністэрства фінансаў паведамляла пра выплату 27 і 30 снежня працэнтнага даходу па еўрааблігацыях Belarus-2027 у памеры 22,8 млн долараў у эквіваленце на зыходзе 2024 года.

Тады прэс-служба ведамства, як і раней, адзначыла, што “сродкі ў поўным аб’ёме“ залічаны на асобны банкаўскі рахунак у “Беларусбанку“.

Падзяліцца: