Мінск 20:25

Інвестыцыі ў асноўны капітал выраслі на 44% — Белстат

20 лютага, Позірк. Інвестыцыі ў асноўны капітал у Беларусі за студзень 2025 года склалі 3,3 млрд рублёў — на 43,5% больш, чым у першым месяцы 2024-га (2,3 млрд), сведчаць даныя Нацыянальнага статыстычнага камітэта.

22,7% ад агульнага агульнага аб’ёму інвестыцый прыпала на прадпрыемствы Мінскай вобласці (у мінулым годзе — 25%).

Далей ідуць Мінск — 19,1% (18%), Гомельская вобласць — 15,6% (14,2%), Брэсцкая — 13,6% (13,5%), Гродзенская — 9,9% (10,3%), Віцебская — 8,2% (10%) і Магілёўская — 11,9%/

У асноўны капітал прыватных кампаній было ўкладзена 56,7% (54,2%), дзяржпрадпрыемстваў — 35,4% (43,9%), замежных — 7,9% (1,8%).

У тэхналагічнай структуры лідарам стала катэгорыя “Машыны, абсталяванне, транспартныя сродкі” — 43,1% (41,7%), на сферу будаўніча-мантажных работ прыпала 42,9% (45,1%).

Паводле даных Белстата, у 2024 годзе ў асноўны капітал Беларусі было ўкладзена 44,4 млрд рублёў, 2023-м — 35,7 млрд, 2022 — 27,8 млрд.

Летась у рэальны сектар беларускай эканомікі замежныя інвестары ўклалі 7,7 млрд долараў. Асноўнымі інвестарамі сталі суб’екты гаспадарання Расіі (66,7% усіх інвестыцый) і Кіпра (14,7%).

Паступленне прамых замежных інвестыцый склала 5,8 млрд долараў (74,8% усяго аб’ёму паступленняў).

Згодна з зацверджанымі Аляксандрам Лукашэнкам важнейшымі эканамічнымі прагнознымі (дэ-факта — планавымі) параметрамі на 2025 год, рост інвестыцый па выніках года павінен скласці 7,8%.

Падзяліцца: