Мінск 09:06

Курс долара да беларускага рубля знізіўся да пяцімесячнага мінімуму

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

21 лютага, Позірк. Амерыканская, адзіная еўрапейская і кітайская валюты патаннелі на таргах Беларускай валютна-фондавай біржы 21 лютага 2025 года.

Каціроўка долара знізілася да 3,2071 рубля (-0,0168; -0,52%). У апошні раз ніжэй амерыканская валюта завяршыла таргі 19 верасня 2024 года — 3,1994 рубля.

Юань патаннеў да 4,364 рубля за 10 (-0,0135; -0,31%).

Расійскі рубель падаражэў да 3,5669 рубля за 100 (+0,0042; +0,12%).

Таргі еўра не праводзіліся. 20 лютага ён завяршыў сесію на адзнацы 3,35 рубля (-0,046; -1,35%)

На працоўным тыдні, які адыходзіць (17-21 лютага), долар патаннеў на 1,72% (з 3,2633 да 3,2071 рубля), еўра — на 1,07% (з 3,3862 да 3,35), юань — на 1,68% (з 4,4384 да 4,364 за 10); расійскі рубель падаражэў на 0,78% (з 3,5393 да 3,5669 за 100).

На 1,73% (з 3,4735 да 3,4134 рубля) знізіўся афіцыйны курс долара ў Беларусі ў студзені. Гэта другі паказчык на тэрыторыі былога СССР, сведчыць праведзены “Позіркам” параўнальны аналіз каціровак цэнтрабанкаў на 31 снежня 2024 года і 31 студзеня 2025-га. На першым месцы Расія, дзе долар афіцыйна патаннеў на 3,61% (са 101,6797 да 98,0062 рубля).

Аналіз таксама паказаў, што афіцыйны курс долара ў Беларусі ў 2024 годзе вырас на 9,32% (з 3,1775 да 3,4735 рубля). Гэта чацвёрты паказчык на тэрыторыі былога СССР.

У 2023 годзе ў Беларусі было другое месца па росце афіцыйнага курсу долара (+16,12%), у 2022-м — трэцяе (+7,39%), у 2021-м — чацвёртае сярод краін на тэрыторыі былога СССР, дзе долар патаннеў (-1,19%), у 2020-м — першае месца па яго падаражэнні (+22,59%).

Падзяліцца: