Мінск 12:49

За тыдзень у Беларусь прыбыло амаль 5,4 тыс. грамадзян Украіны — ДПК

21 лютага, Позірк. За тыдзень (з 6:00 14 лютага да 6:00 21 лютага) у Беларусь прыбыло 5.372 грамадзяніны Украіны (тыднем раней — 5.741), сведчыць праведзены “Позіркам“ аналіз звестак Дзяржаўнага памежнага камітэта.

Непасрэдна праз мяжу з Украінай не прайшоў ніхто (тыднем раней — пяць чалавек), транзітам праз Польшчу прыбыло 4.094 чалавекі (4.376), Літву — 1.228 (1.308), Латвію — 80 (52).

Агулам з 24 лютага 2022 года (пачатак поўнамаштабнага ўварвання РФ) у Беларусь прыбыло 322.429 грамадзян Украіны: праз украінска-беларускую мяжу — 15.994, транзітам праз Польшчу — 237.558, праз Літву — 61.884, праз Латвію — 6.993.

Паводле інфармацыі Дзяржпагранкамітэта, за 2024 год у Беларусь заехала 134.561 грамадзянін Украіны. У прыватнасці, як сцвярджалася, з тэрыторыі Украіны гэта зрабіла 68 чалавек, транзітам праз Польшчу — 107.154, Літву — 25.362, Латвію — 1.977. Паводле прыблізных разлікаў “Позірку”, у 2023 годзе ў Беларусь заехала больш за 71 тыс. грамадзян Украіны, такім чынам, за год іх колькасць вырасла прыкладна ў 1,9 раза.

“Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй”, — заявіў у інтэрв’ю “Позірку” летась у лютым на той момант амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім. Паводле яго слоў, гаворку трэба весці аб звычайных паездках грамадзян Украіны ў Беларусь.

Экс-дыпламат адзначаў, што ў адкрытых крыніцах звестак аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з Беларусі, не знайсці. “Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку”, — лічыў ён.

Паводле звестак ААН на 19 лютага 2025 года, па ўсім свеце налічвалася 6.906.500 украінскіх уцекачоў. З іх 6.346.300 было зарэгістравана ў Еўропе, 560.200 — за яе межамі.

Падзяліцца: