Мінск 17:21

Ігар Кізім: Для Украіны вельмі важна, што беларускія дэмсілы не падтрымліваюць вайну

Ігар Кізім
Фота: фэйсбук-старонка Ігара Кізіма

Ва Украіне разумеюць, што нельга ставіць знак роўнасці паміж рэжымам Аляксандра Лукашэнкі, які падтрымлівае расійскую агрэсію, і беларускім народам, які агулам займае антываенную пазіцыю, заявіў у інтэрв’ю “Позірку” амбасадар па асаблівых даручэннях МЗС Украіны па Беларусі Ігар Кізім.

Размова адбылася напярэдадні другой гадавіны пачатку поўнамаштабнай расійскай агрэсіі, якую падтрымалі ўлады ў Мінску. Амбасадар здзяйсняў паездку ў суседнія з Беларуссю краіны, дзе сустракаўся з лідарамі дэмакратычных сіл і еўрапейскімі палітыкамі, якія працуюць на беларускім кірунку.

“Беларусь сёння не можа разглядацца як нейтральная пляцоўка для перамоваў”

— Спадар амбасадар, вы шэсць гадоў працавалі кіраўніком дыпламатычнай місіі Украіны ў Беларусі. Цяпер у вас новыя абавязкі і функцыі. Якія першыя крокі ў новай якасці вы ўжо ажыццявілі, што збіраецеся зрабіць у бліжэйшы час?

— Галоўнае цяпер — правесці перамовы з замежнымі калегамі, якія даўно ўжо займаюцца тэмай Беларусі. Неабходна абмяняцца думкамі па пытанні стаўлення як да афіцыйнага Мінска, так і да дэмакратычных сіл, многія прадстаўнікі якіх пасля падзей 2020 года апынуліся за мяжой.

Асноўная канцэнтрацыя беларусаў цяпер у Варшаве і Вільнюсе. І мая задача падчас кароткатэрміновага знаходжання ў гэтых гарадах — пазнаёміцца і з людзьмі, якія з’ехалі з Беларусі, і з еўрапейскімі палітыкамі, якія займаюцца беларускай праблематыкай.

У прыватнасці, вельмі прадуктыўнымі былі мае сустрэчы ў сталіцы Польшчы.

Гл. таксама: Колькасць беларусаў, якія жывуць у Літве, за 2022 год вырасла амаль на 60%

— На якім узроўні цяпер афіцыйная сувязь па лініі Кіеў — Мінск?

— Дыпламатычныя стасункі паміж нашымі краінамі не разарваныя. Нягледзячы на маё адкліканне ў Кіеў, у Мінску працягвае працаваць амбасада Украіны. Пытанні, якія яна вырашае, рэгулююцца Венскай канвенцыяй. У асноўным гэта консульскія пытанні, а таксама абарона нашых грамадзян.

Гэта — афіцыйны канал для камунікацый. Паўтаруся, фармальна дыпламатычныя стасункі паміж краінамі існуюць.

На жаль, пасля ўварвання расійскіх войск ва Украіну з тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года сувязі не такія актыўныя, як раней, але мая пазіцыя: лепш мець такія ўзаемаадносіны, чым не мець ніякіх.

— Ці можа сёння Беларусь разглядацца ў якасці нейтральнай тэрыторыі, дзе могуць адбывацца перамовы або абмен ваеннапалоннымі?

— На маю думку, не. Стаўшы саўдзельнікам расійскай агрэсіі супраць Украіны, Беларусь страціла пазіцыі як перамоўная пляцоўка. Пра яе нейтральнасць казаць не даводзіцца.

Відавочна, што сёння беларускі вайскова-прамысловы комплекс шчыльна інтэграваны ў ВПК РФ, а гэта азначае, што Беларусь пастаўляе агрэсару ўзбраенне, якое потым забівае ўкраінскіх грамадзян.

“Ордэр на арышт можа чакаць і Лукашэнку”

— Афіцыйна Мінск заяўляе, што з пачатку вайны больш за 150 тыс. грамадзян Украіны прыбыло ў Беларусь, а Лукашэнка ўвесь час паўтарае, што ратуе вашых суайчыннікаў, якія нібыта “па трое сутак, па тыдні наогул нічога не елі”. Як пракаментуеце такія заявы?

— Дзяржпагранкамітэт Беларусі займаецца несумленнай падачай лічбаў і чыстай вады маніпуляцыяй. Варта казаць пра звычайныя паездкі грамадзян Украіны ў Беларусь.

Самае цікавае, што вы нідзе не знойдзеце ў адкрытых крыніцах звесткі аб колькасці ўкраінцаў, якія выехалі з вашай краіны. Сумленным і прыстойным з боку ДПК было б даваць гэтую статыстыку.

Насамрэч гаворка ідзе не пра транзітных уцекачоў або людзей, якія заехалі ў Беларусь, каб папрасіць прытулак. Гэта, як і раней, простыя паездкі ўкраінскіх грамадзян.

Я вам больш скажу: у лепшыя часы, калі паміж нашымі краінамі былі добрыя адносіны — да вайны, а тым больш да кавіду, двухбаковыя абмены (паездкі ўкраінцаў у Беларусь і беларусаў ва Украіну) дасягалі 3 млн.

Дарэчы, на пачатку вайны грамадзян Украіны з Беларусі выязджала на радзіму больш, чым заязджала ў Беларусь. Гэта было звязана ў тым ліку з тым, што многія ўкраінцы вярталіся з РФ менавіта праз Беларусь, каб не ісці праз фронт, праз тэрыторыю баявых дзеянняў.

Безумоўна, ёсць і ўкраінцы, якія папрасілі прытулак у Беларусі, але не думаю, што іх вельмі шмат. Падкрэслю: большасць украінскіх грамадзян, якія заехалі ў вашу краіну пасля пачатку вайны, яе ўжо пакінулі.

— Асобна варта закрануць тэму ўкраінскіх дзяцей, якіх прывозілі ў Беларусь на “аздараўленне”, або, як кажа Лукашэнка, “за цішынёй”.

— Тэма сапраўды мае месца. Адпаведныя матэрыялы Народнае антыкрызіснае ўпразленне перадала кампетэнтным украінскім органам. Яны цяпер вывучаюцца. Калі казаць з пункту гледжання маралі — гэта подла, таму што дзяцей яны перавыхоўваюць у прарасійскім, антыўкраінскім кантэксце. У той жа час я не чуў пра факты ўсынаўлення ўкраінскіх дзяцей у Беларусі.

Гл. таксама: Латушка: Гаагскі дзень календара для Лукашэнкі абавязкова надыдзе

Нам вядомыя структуры, якія гэтым займаюцца, у тым ліку фонд Талая. Думаю, нашы кампетэнтныя органы вывучаць усю прадстаўленую НАУ інфармацыю па гэтым пытанні і здзейсняць адпаведныя крокі.

Сёння турбуе тое, што Расія гвалтоўна пакідае на сваёй тэрыторыі ўкраінскіх дзяцей, там іх адаптуе праз усынаўленне. Гэта — злачынства, за якое Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выпісаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна. Я думаю, што калі беларускі рэжым працягне дзейнасць у гэтым кірунку, то такі лёс можа чакаць і Лукашэнку.

Спецпасланнікі па Беларусі на сустрэчы ў Вільнюсе: Артур Міхальскі (Польшча), Аста Андрыяўскене (Літва), Ігар Кізім (Украіна)
Фота: фэйсбук-старонка Ігара Кізіма

“Ёсць завышаныя чаканні ў часткі беларускай апазіцыі пасля майго прызначэння”

— Існуе меркаванне, што Кіеў дыстанцуецца ад беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай, каб “не дражніць гусей”. Маўляў, калі кантактаў з ёй не будзе, то Лукашэнка не аддасць загад аб прамым удзеле свайго войска ў вайне. Ці так гэта?

— Я мяркую, што гэта некарэктны падыход, бо ў ланцужку прыярытэтаў нашай дзяржавы сёння на першым месцы адбіццё агрэсіі Расеі. Таму ўсе сілы, у тым ліку і дыпламатыі, і ўрада, і прэзідэнта, канцэнтруюцца вакол галоўнай задачы — паражэння Расіі і забеспячэння абараназдольнасці нашай краіны.

А з нагоды кантактаў з дэмакратычнымі сіламі… Яны былі на розных узроўнях — як публічныя, так і непублічныя. Таму наўрад ці можна ў гэтым Кіеў вінаваціць. А тым больш казаць, што мы кагосьці баімся.

Трэба разумець, што ў любых дыпламатычных адносінах ёсць баланс, якога краіны прытрымліваюцца. Доказам таго, што агучанае вамі меркаванне памылковае, служыць маё прызначэнне.

Аднак я адчуваю, што ёсць нейкія завышаныя чаканні ў часткі беларускай апазіцыі пасля майго прызначэння. Мы цяпер будзем спакойна абмяркоўваць усе пытанні, якія могуць быць цікавыя і Украіне, і дэмакратычным сілам Беларусі зноў жа ў кантэксце галоўнай нашай задачы — паразы рэжыму Пуціна.

Для нас вельмі важна, што беларускія дэмсілы не падтрымліваюць вайну.

“Трэба казаць больш пра ролю беларусаў у супрацьстаянні расейскай агрэсіі”

— Аднак факт застаецца фактам: стаўленне да Беларусі і беларусаў пасля 24 лютага 2022-га ва Украіне істотна пагоршылася.

— Трэба прызнаць, што такое стаўленне сфармавалася адразу пасля пачатку вайны, калі расійскія войскі заходзілі з вашай на нашу тэрыторыю, калі Украіну абстрэльвалі ракетамі з Беларусі.

Разам з тым мы разумеем, што ёсць рэжым Лукашэнкі, які падтрымлівае Расію ў яе агрэсіі супраць Украіны, а ёсць беларускі народ, які агулам займае антываенную пазіцыю.

Я мяркую, што трэба казаць больш пра ролю беларусаў у супрацьстаянні расійскай агрэсіі, дапамозе Украіне.

Калі ўзяць вядомы полк Каліноўскага, то яго байцы годна, мужна ваююць у складзе Узброеных сіл Украіны.

— Якой вы бачыце будучыню двухбаковых адносін?

— Думаю, з часам мы зразумеем адзін аднаго. У нас з беларускім народам значна больш агульнага, чым з расійскім, які замбаваны і падтрымлівае вайну. Мы зможам выбудаваць новыя адносіны.

Даведка “Позірку”:

Ігар Кізім быў прызначаны амбасадарам Украіны ў Беларусі 16 лютага 2017 года. Заставаўся ў Мінску пасля пачатку падтрыманага рэжымам Лукашэнкі поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну з выкарыстаннем беларускай тэрыторыі.

19 красавіка 2023 года Кізім быў адкліканы ў Кіеў для кансультацый пасля сустрэчы Лукашэнкі з кіраўніком “данецкай народнай рэспублікі” Дзянісам Пушыліным. Украінскія ўлады назвалі візіт Пушыліна ў Мінск “спробай легітымізацыі гэтага прадстаўніка расійскай акупацыйнай адміністрацыі ў Данецку”.

Кізім у Беларусь не вярнуўся. 22 чэрвеня прэзідэнт Уладзімір Зяленскі вызваліў яго ад пасады амбасадара.

Раней сваіх спецыяльных прадстаўнікоў па Беларусі, адказных за супрацоўніцтва з беларускімі дэмакратычнымі сіламі, прызначыў шэраг краін: Швецыя (Крысціна Юханесан), Літва (Аста Андрыяўскене), Польшча (Артур Міхальскі), Эстонія (Марка Коплімаа). У 2021—2022 гадах спецпрадстаўніком ЗША была Джулі Фішар. Яна была прызначаная амбасадарам у 2020 годзе, але так і не змагла прыехаць у Мінск праз пазіцыю беларускіх уладаў, якія былі незадаволеныя узмацненнем амерыканскіх санкцый пасля фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і адклікалі згоду на яе прызначэнне. Новы спецпрадстаўнік ЗША пакуль не прызначаны, яго кандыдатура ўзгадняецца.

Падзяліцца: