Мінск 18:38

Журналіст Івашын правёў 15 сутак у штрафным ізалятары жодзінскай турмы

Архіўнае фота: прысвечаны палітвязню тэлеграм-канал

24 лютага, Позірк. Журналіст Дзяніс Івашын правёў 15 сутак у штрафным ізалятары турмы № 8 у Жодзіне (Мінская вобласць), паведамляе прысвечаны палітвязню тэлеграм-канал.

Мужчына перадаў, што з ім усё ў парадку, фізічна адчувае сябе “цалкам добра”.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру “Вясна”, Івашына рэгулярна кідаюць у штрафны ізалятар.

У верасні 2022 года журналіста асудзілі на 13 гадоў і 1 месяц пазбаўлення волі паводле арт. 356 (здрада дзяржаве) і арт. 179 (незаконны збор і распаўсюд звестак пра прыватнае жыццё) Крымінальнага кодэкса.

Напрыканцы чэрвеня 2023-га Івашына перавялі на турэмны рэжым. Жонка палітвязня Вольга адзначыла, што пра працэс па змене рэжыму не ведалі ні сваякі, ані адвакат.

У ліпені 2023 года палітвязня перавялі з магілёўскай калоніі № 15 у жодзінскую турму на падставе рашэння суда Кастрычніцкага раёна Магілёва.

У красавіку 2024-га ад жонкі журналіста стала вядома, што Івашына пазбавілі перадач. Яна таксама паведаміла, што дасылаць вітаміны ў турму або калонію можна толькі на падставе адмысловага дазволу ўрача пенітэнцыярнай установы. Раней такое правіла распаўсюджвалася толькі на неабходныя лекі.

Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Напярэдадні ён даў інтэрв’ю тэлеканалу “Настоящее время” (“Цяперашні час”; праект “Радыё Свабода” і “Голас Амерыкі”) пра былых членаў расфармаванага ва Украіне спецпадраздзялення МУС “Беркут”. Падчас свайго журналісцкага расследавання Івашын высветліў, што ў беларускім АМАПе налічваецца больш за дзесяць экс-беркутаўцаў, якія атрымалі грамадзянства РБ і прынятыя на працу з парушэннем закона. Паводле яго інфармацыі, экс-беркутаўцы ўдзельнічалі ў задушэнні масавых пратэстаў у 2020 годзе. Журналіст сцвярджаў, што ўсе звесткі для расследавання браў з адкрытых крыніц.

22 сакавіка 2022 года КДБ заявіў, што Івашын працаваў на ўкраінскія спецслужбы і нанёс шкоду нацыянальнай бяспецы Беларусі. У Мінабароны таксама сцвярджалі, што ўкраінскі праект InformNapalm, дзе Івашын быў рэдактарам беларускай старонкі, быў створаны і функцыянаваў “у інтарэсах Галоўнага ўпраўлення выведкі Мінабароны Украіны”, а дзеянні мужчыны нібыта “выйшлі далёка за рамкі журналісцкай працы”.

Журналіст супрацоўнічаў з недзяржаўнай газетай “Новы час” (скасаваная пасля пазбаўлення рэгістрацыі заснавальніка — структурнага падраздзялення грамадскага аб’яднання Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны, працягвае працаваць як сайт навін).

Паводле даных Беларускай асацыяцыі журналістаў, агулам у няволі знаходзіцца 39 прадстаўнікоў медыя.

Падзяліцца: