Мінск 12:42

Лукашэнка разлічвае на большую супрацу з Кувейтам

Эль-Кувейт
Ілюстрацыйнае фота: Ahmad Mohammed / unsplash.com

25 лютага, Позірк. “Далейшаму ўмацаванню” двухбаковых стасункаў Беларусі і Кувейта будуць садзейнічаць “падабенства мэтаў і прынцыпаў развіцця”, а таксама “агульнае імкненне да пашырэння ўзаемавыгаднай супрацы ў розных галінах”, такое меркаванне выказаў Аляксандр Лукашэнка, віншуючы 25 лютага ўлады гэтага эмірата на Аравійскім паўвостраве з Нацыянальным днём.

“Дзякуючы вашым рашучым і натхняльным намаганням Дзяржава Кувейт паспяхова рухаецца наперад па шляху рэалізацыі стратэгічнага плана “Бачанне Кувейта 2035″, скіраванага на паступальную мадэрнізацыю эканомікі і сацыяльнай сферы краіны”, — гаворыцца ў апублікаваным прэс-службай віншавальніка пасланні эміру Мішаалю аль-Ахмеду аль-Джаберу ас-Сабаху.

Віншуючы наследнага прынца Сабаха Халіда аль-Хамада ас-Сабаха Лукашэнка, як заяўлена, “пацвердзіў імкненне рабіць усё магчымае дзеля далейшага ўмацавання дружалюбных беларуска-кувейцкіх стасункаў”.

“З задавальненнем узгадваю размову з вамі на палях саміту сусветных лідараў падчас кліматычнай канферэнцыі ў Баку ў лістападзе 2024 года. Наша асабістая сустрэча прадэманстравала ўзаемную зацікаўленасць у пашырэнні двухбаковай супрацы і надала дадатковы імпульс актывізацыі міждзяржаўных кантактаў”, — сцвярджае ён.

30 верасня 2024 года першы намеснік міністра замежных спраў Сяргей Лукашэвіч прыняў копіі даверчых грамат амбасадара Кувейта Рашэда Хамада аль-Адвані. Тады бакі абмеркавалі “стан і перспектывы двухбаковай палітычнай, эканамічнай і інвестыцыйнай супрацы, а таксама перспектывы рэалізацыі сумесных праектаў у гуманітарнай сферы”.

Кувейт, што займае 17,8 тыс. кв. км (менш за палову Мінскай вобласці), дзе пражывае 4,85 млн чалавек, з’яўляецца адной з найбагацейшых дзяржаў свету. Аднак узаемны тавараабарот з гэтай краінай у 2021 годзе, паводле даных МЗС Беларусі, складаў толькі 2,9 млн долараў (актуальную інфармацыю знешнепалітычнае ведамства не прыводзіць).

Падзяліцца: