Мінск 18:36

На парад 9 траўня ў Мінску запрошаныя разлікі з Расіі і Кітая, сцяганосныя групы шэрага краін СНД

Скрыншот: трансляцыя вайсковага парада 3 ліпеня 2024 года ў Мінску

25 лютага, Позірк. Вайскоўцы з шэрагу “дружалюбных краін” запрошаныя да ўдзелу ў парадзе 9 траўня ў Мінску, паведаміў журналістам памочнік міністра абароны па ідэалагічнай працы ва Узброеных сілах Леанід Касінскі 25 лютага перад пасяджэннем аргкамітэта па падрыхтоўцы і правядзенні святкавання 80-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

“Задума парада маштабная, — цытуе вайсковага чыноўніка прэс-служба Мінабароны. — Плануецца ўдзел больш як 24 парадных разлікаў, а таксама паветраных суднаў. <…> Мы запрасілі парадныя разлікі з дружалюбных нам краін — Расійскай Федэрацыі, Кітая, а таксама сцяганосныя групы з дзяржаўнымі сцягамі рэспублік СНД. Часткова пацвярджэнне аб удзеле шэрагу краін ужо атрымана”.

Паводле слоў Касінскага, сёлета “парад будзе выбудаваны з дзвюх паўнавартасных частак: адна — гістарычная частка, другая — сучасная”.

“Гістарычная частка будзе ўключаць у сябе праходжанне рознай рэтратэхнікі і парадных разлікаў у форме з узбраеннем ваенных гадоў, — патлумачыў ён. — Па сутнасці, гістарычная частка будзе пабудаваная на асобных элементах парада Перамогі 1945 года ў Маскве. У складзе механізаванай калоны пройдуць легендарныя танкі Т-34. Упершыню на парадзе будуць прадстаўленыя знакамітыя тачанкі з кулямётамі”.

У “сучаснай частцы” парада будзе прадстаўленая вайсковая тэхніка, якая стаіць на ўзбраенні беларускай арміі. “Пачынаючы ад браняванай тэхнікі і браняваных машын і заканчваючы рознымі ўзорамі тэхнікі сувязі і радыёэлектроннай барацьбы, а таксама тым, што мы атрымліваем на ўзбраенне, і з чым мы сёння працуем”, — адзначыў галоўны ідэолаг Узброеных сіл.

Падзяліцца: