Мінск 02:11

У Гомельскай вобласці дагэтуль не ліквідаваны наступствы леташняга ўрагану — КДК

25 лютага, Позірк. У Гомельскай вобласці да гэтага часу не ліквідаваны наступствы ўрагану, які здарыўся ў ліпені 2024 года, вынікае з паведамлення прэс-службы Камітэта дзяржаўнага кантролю па выніках сустрэчы кіраўніка ведамства Васіля Герасімава з міністрам лясной гаспадаркі Аляксандрам Куліком 25 лютага.

Рэгіён пацярпеў больш за ўсё.

Адзначаецца, што ўборка драўніны завершана ва ўсіх астатніх абласцях.

Працы працягваюцца ў Васілевіцкім, Жлобінскім і Мазырскім лясгасах, гаворыцца ў рэлізе: “Выяўлены бураломы, якія ўтварыліся ў ліпені 2024 года, але не ўключаныя ў аператыўную справаздачнасць”.

Непагадзь 13 і 14 ліпеня прывяла да маштабных пашкоджанняў у сістэме электраперадачы, парушэння водазабеспячэння, іншых разбурэнняў. Найбольш ад ветру пацярпела Гомельская вобласць, дзе ўводзіўся рэжым надзвычайнай сітуацыі. Загінула сем чалавек.

Аляксандр Лукашэнка тройчы ставіў чыноўнікам тэрміны ліквідацыі наступстваў урагану. Віцэ-прэм’еру Анатолю Сіваку належала да раніцы 16 ліпеня аднавіць працу ўсёй інфраструктуры. Кіраўніку МНС Сіняўскаму і дзяржсакратару Савета бяспекі Аляксандру Вальфовічу 16 ліпеня быў дадзены “адзін дзень” на нармалізацыю сітуацыі пасля непагадзі. Кіраўніку Гомельскага аблвыканкама Івану Крупко ён даручыў да раніцы 19 ліпеня завяршыць “усе працы па падключэнні насельніцтва да электрасілкавання, у тым ліку ў самых аддаленых населеных пунктах”.

На нарадзе 23 ліпеня Лукашэнка даручыў прыцягнуць да ліквідацыі наступстваў непагадзі грамадзян, у тым ліку палітвязняў.

Ён загадаў адправіць на адпаведныя працы жыхароў Беларусі ў цэлым, адзначыўшы, што “адгаворкі кшталту таго, што я не пайду, не хачу, не буду, не прымаюцца”.

Лукашэнка абвінаваціў пацярпелых ад непагадзі грамадзян у “няправільным разуменні” НС.

23 ліпеня ён падпісаў распараджэнне, якое дазваляе прыцягваць грамадзян да ліквідацыі наступстваў стыхіі. Тэрміны ліквідацыі наступстваў непагадзі ў дакуменце зноў былі перанесены.

25 ліпеня намеснік начальніка Дэпартамента выканання пакаранняў МУС Іван Мысліцкі паведаміў, што ўдзел у ліквідацыі наступстваў урагану ў Гомельскай вобласці ўзялі “272 асобы з ліку спецкантынгенту”.

Для дапамогі камунальным службам у добраўпарадкаванні вуліц (прыборцы галінак, лістоты, іншага смецця, прывядзенні дарожнай сеткі ў бяспечны для руху стан), “актыўна прыцягваюцца непрацуючыя грамадзяне, якія знаходзяцца на ўліку ў крымінальна-выканаўчых інспекцыях”, сказаў начальнік абласнога УУС Аляксандр Шастайла.

У той жа дзень МУС таксама паведаміла, што кіраўнік рэгіёну Крупко звярнуўся да міністра Івана Кубракова з просьбай “аказаць садзейнічанне шэрагу сельгаспрадпрыемстваў вобласці, у т.л. жывёлагадоўчым комплексам”.

17 верасня МНС паведаміла, што ўраганам былі пашкоджаны дахі 8.045 жылых дамоў (адноўлена на той момант 8.032) і 2.519 сельскагаспадарчых будынкаў (2.503). На тую дату былі адрамантаваны ўсе 538 пацярпелых аб’ектаў сацкультбыту, 17 вытворчых будынкаў і 258 гаспадарчых пабудоў.

Падзяліцца: