Мінск 23:48

У 2024 годзе, паводле даных Генпракуратуры, у Беларусі здзейсненая найменшая колькасць злачынстваў за апошнія 30 гадоў

Ілюстрацыйнае фота: freepik.com / rawpixel.com

26 лютага, Позірк. У 2024 годзе ў Беларусі здзейсненая найменшая колькасць злачынстваў за апошнія 30 гадоў, паведаміў генеральны пракурор Андрэй Швед 26 лютага на пасяджэнні Палаты прадстаўнікоў і Савета Рэспублікі.

Паводле яго слоў, летась колькасць зарэгістраваных злачынстваў скарацілася на 14%.

Сярод іншага знізілася колькасць асабліва цяжкіх злачынстваў, у тым ліку супраць жыцця і здароўя людзей. У прыватнасці, паведаміў чыноўнік, здзейснена на 22% менш забойстваў. У параўнанні з 2007 годам іх колькасць зменшылася ў чатыры разы. Захоўваецца “станоўчая тэндэнцыя скарачэння” колькасці загінулых ад злачынстваў, сказаў Швед.

Акрамя таго, паводле яго слоў, здзейснена менш крадзяжоў, рабаванняў, разбояў, хуліганстваў, а таксама злачынстваў, звязаных з дамашнім гвалтам.

Паводле даных Вярхавога суда, па выніках судовых разбіральніцтваў летась асуджана 31.410 чалавек (годам раней — 33.777, у 2022-м — 36.356).

За злачынствы супраць жыцця і здароўя асуджана 1.974 чалавекі (2.261 годам раней), з іх 174 — за забойства (арт. 139 КК; у 2023-м — 237), 519 — за наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання (арт. 147; 553), 344 — менш цяжкага (арт. 149; 392), 328 — лёгкага (арт. 153; 400).

487 чалавек асуджана за злачынствы супраць палавой недатыкальнасці або палавой свабоды (522 годам раней), у тым ліку 50 — за згвалтаванне (арт. 166; 66), 133 — за гвалтоўныя дзеянні сэксуальнага характару (арт. 167; 139).

Падзяліцца: