Мінск 16:56

З пачатку года на пажарах загінулі 163 чалавекі — на чвэрць больш, чым годам раней

2 сакавіка, Позірк. За мінулыя дзяжурныя суткі (з 6 гадзін 1 сакавіка да 6 гадзін 2 сакавіка) на пажарах загінулі тры чалавекі, сведчаць даныя Міністэрства па надзвычайных сітуацыях.

Першае надзвычайнае здарэнне адбылося ў в. Малы Халажын Пінскага раёна (Брэсцкая вобласць). На пажары знойдзены загінулы гаспадар дома 1958 года нараджэння.

У ноч на 2 сакавіка паступіла паведамленне аб пажары ў кватэры ў Магілёве ў жылым доме па вул. Лазарэнкі. Знойдзены загінулы гаспадар 1985 года нараджэння.

Каля пятай раніцы зафіксавана паведамленне аб пажары ў жылым доме ў в. Рудня Целяшоўская Гомельскага раёна. Знойдзены загінулы гаспадар 1970 года нараджэння.

Прычыны пажараў і гібелі людзей вызначаюцца, гаворыцца ў зводцы ведамства.

З пачатку 2025 года ў краіне адбылося 1.247 пажараў — на 29,9% больш, чым за той жа перыяд 2024-га (960). Загінула 163 чалавекі (25,4%; 130).

На пасяджэнні калегіі МНС 14 лютага кіраўнік ведамства Вадзім Сіняўскі сцвярджаў, што ў 2024 годзе ў краіне былі “забяспечаны бяспечныя ўмовы жыццядзейнасці насельніцтва, аператыўнае рэагаванне на надзвычайныя сітуацыі і эфектыўная ліквідацыя іх наступстваў”.

Паводле чыноўніка, у выніку “сумеснай прафілактычнай работы” колькасць загінуўшых на пажарах у мінулым годзе “не перавысіла сярэднегадавы паказчык за апошнія пяць гадоў”. Разам з тым, канстатаваў Сіняўскі, меры, якія прымаюцца, не дазволілі захаваць дасягнутую ў 2022 і 2023 гадах дынаміку зніжэння колькасці пажараў і загінуўшых ад іх людзей.

Дзяржсакратар Савета бяспекі Аляксандр Вальфаовіч заявіў на паседжанні, што яго “ў першую чаргу” хвалюе “колькасць пажараў, якія адбываюцца ў нашай краіне”.

Падзяліцца: