Мінск 23:30

ЕАБР чакае далейшага росту заробкаў у Беларусі на фоне “канкурэнцыі за кадры”

Ілюстрацыйнае фота: "Позірк"

3 сакавіка, Позірк. На рынку працы Беларусі “заробкі растуць, вакансій становіцца больш”, гаворыцца ў штотыднёвым макрааглядзе Еўразійскага банка развіцця (ЕАБР).

Аналітыкі фінансавай арганізацыі звярнулі ўвагу на тое, што ў студзені 2025 года рэальны заробак у гадавым вымярэнні павялічыўся на 13,5% пасля росту на 12,5% ў снежні (да снежня 2024 года).

“У бюджэтным сектары заробкі выраслі на 13% г/г (год да года. — “Позірк”.), чаму садзейнічалі павышэнне базавай стаўкі аплаты працы (+6,7%) і дадатковыя надбаўкі для асобных катэгорый работнікаў, — гаворыцца ў аглядзе. — У пазабюджэтным сектары аплата працы расла ва ўсіх галінах, асабліва ў будаўніцтве (18,8% г/г), сельскай гаспадарцы (17,5% г/г) і гандлі (15% г/г)”.

“Асноўны фактар росту — дэфіцыт кадраў. Чакаем далейшага росту заробкаў на фоне высокай канкурэнцыі за кадры і прадугледжанага ў бюджэце павелічэння аплаты працы ў дзяржаўным сектары”, — адзначае ЕАБР.

Варта адзначыць, што намінальны налічаны сярэдні заробак работнікаў Беларусі ў студзені 2025 года склаў 2.427,4 рубля — на 266,5 менш (-9,89%), чым у снежні 2024-га (2.693,9). У студзені ў параўнанні са снежнем заробак традыцыйна больш нізкі. Згодна з праведзеным “Позіркам” параўнальным аналізам даных Белстата, у студзені 2024 года падзенне склала 12,3%, у студзені 2023-га — 12%, у студзені 2022-га — 11,8%, у студзені 2021-га — 12,5%, у студзені 2020-га — 9,7%.

Пра зніжэнне даходаў заявіла 24,7% рэспандэнтаў, якія ўзялі ўдзел у штоквартальным апытанні даследчага цэнтра BEROC (праводзіўся з 31 студзеня па 16 лютага), паведаміла на брыфінгу 18 лютага навуковы супрацоўнік цэнтра Віялета Панасевіч.

Больш за палову апытаных (52%) назвала прычынай рост цэн, кожны пяты — памяншэнне заказаў (кліентаў). На змяншэнне даходаў 19% рэспандэнтаў паўплывала змяненне курсу беларускага рубля да замежных валют. Пра скарачэнне заробкаў паведаміла 15%, скасавалі прэмію і падвышэнне заробкаў — 13% і 12% адпаведна.

Паводле даных Белстата, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва (даходы з улікам інфляцыі) у 2024 годзе павялічыліся на 9,7% да ўзроўню 2023-га.

Спажывецкія цэны ў студзені 2025 года выраслі на 0,7%, сведчыць даныя статыстычнага ведамства. Харчовыя тавары падаражэлі на 1%, паслугі — на 0,4%; нехарчовыя тавары — на 0,5%.

У гадавым вымярэнні (да студзеня 2024-га) цэны павялічыліся на 5,2%. Харчаванне стала даражэй на 6,5%, нехарчовыя тавары — на 3,3%, паслугі — на 5,2%.

Згодна з важнейшымі прагнознымі (дэ-факта планавымі) параметрамі развіцця краіны на 2024 год, рэальныя грашовыя даходы насельніцтва павінны былі вырасці на 3,5%, рэальныя зарплаты — на 3,9%, намінальны сярэднямесячны заробак павінен быць не менш за 2.087 рублёў (у бюджэтным сектары — не менш за 1.634).

Падзяліцца: