Мінск 00:36

На фоне распаду БРЭЛЛ Беларусь вярнула ў працу лінію электраперадачы — элемент транзітнай сувязі з РФ

Ілюстрацыйнае фота: pixabay.com

3 сакавіка, Позірк. У рамках рэканструкцыі падстанцыі “Полацк” Беларусь “датэрмінова ўключыла ў працу” паветраную лінію электраперадачы “Полацк — Лукомская ДРЭС” (330 кВ), паведамляе прэс-служба Міністэрства энергетыкі.

Адзначаецца, што гэта стала “вынікам сумесных дзеянняў і дамоўленасцей сістэмных аператараў Расіі і Беларусі”.

Згаданая лінія з’яўляецца элементам міждзяржаўнай транзітнай электрычнай сувязі “Лукомльская ДРЭС — ПС 330 кВ Полацк — ПС 330 кВ Навасакольнікі”. Апошняя падстанцыя знаходзіцца ў РФ.

Праведзеная праца, паводле сцвярджэння Мінэнерга, “дазволіла звязаць паўночна-заходні рэгіён Расіі з энергасістэмай Беларусі і забяспечыць больш надзейную сінхронную працу энергасістэм у рамках Саюзнай дзяржавы”.

Рэканструяваная падстанцыя “Полацк”, якая звязвае самую магутную беларускую электрастанцыю з энергасістэмай Расіі, раней была адным з вузлоў электрычнага кольца БРЭЛЛ, што аб’ядноўваў энергасістэмы Беларусі, РФ і краін Балтыі.

Як паведамляў “Позірк”, 8 лютага 2025 года Літва, Латвія і Эстонія адключыліся ад БРЭЛЛ, а на наступны дзень сінхранізаваліся з еўрапейскай кантынентальнай сеткай ENTSO-E.

Падзяліцца: