Мінск 01:54

Мінсувязі ўзначаліў топ-менеджар ПВТ Кірыл Залескі (дапоўнена)

Кірыл Залескі
Архіўнае фота: sb.by

3 сакавіка, Позірк. Міністрам сувязі і інфарматызацыі прызначаны Кірыл Залескі. Адпаведнае рашэнне 3 сакавіка прыняў Аляксандр Лукашэнка, вынікае з паведамлення неафіцыйнага тэлеграм-канала яго прэс-службы.

З 2023 года Залескі займаў пасаду намесніка начальніка сакратарыята наглядальнага савета Парка высокіх тэхналогій.

Паводле інфармацыі дзяржаўных СМІ, Залескі нарадзіўся ў 1980 годзе ў Мінску.

У 2002 годзе атрымаў спецыяльнасць “міжнародныя стасункі” ў Маскоўскім дзяржаўным інстытуце міжнародных стасункаў МЗС РФ.

У 2002–2008 гадах працаваў трэцім, пасля другім сакратаром амбасады Беларусі ў Паўднёвай Карэі, у 2008–2011 — першым сакратаром, дарадцам аддзела Азіі ў МЗС Беларусі, у 2011–2016 — дарадцам амбасады Беларусі ў Паўднёвай Карэі.

У 2016–2018 гадах — начальнік аддзела Афрыкі, намеснік начальніка ўпраўлення Афрыкі і Блізкага Усходу МЗС.

З 2018 да 2023 года займаў пасаду начальніка аддзела грамадскай інфармацыі і міжнароднай супрацы, намесніка дырэктара адміністрацыі Парка высокіх тэхналогій.

Раней пасаду кіраўніка Мінсувязі займаў Канстанцін Шульган (быў прызначаны 18 жніўня 2018 года). Экс-міністр уключаны ў санкцыйныя спісы Латвіі, Эстоніі і Канады.

ПВТ заснаваны ў 2005 годзе. Адным з яго стваральнікаў з’яўляецца былы дыпламат Валерый Цапкала, які ў 2020 годзе вылучыў сваю кандыдатуру на выбарах прэзідэнта. Пасля адмовы ў рэгістрацыі і ўзбуджэнні ў дачыненні да яго крымінальнай справы пакінуў Беларусь.

У красавіку 2023 года Цапкалу завочна прыгаварылі да 17 гадоў пазбаўлення волі.

17 лістапада 2022 года падчас даклада пра перспектывы развіцця ПВТ Лукашэнка заявіў, што супрацоўнікі кампаній парка падчас масавых пратэстаў “праявілі сябе, мякка кажучы, не з лепшага боку”.

У жніўні 2023 года начальнікам сакратарыята наглядальнага савета ПВТ стаў Аляксандр Базанаў, які раней працаваў на розных пасадах у Камітэце дзяржбяспекі, Савеце бяспекі, Міністэрстве замежных спраў, апараце Савета міністраў.

Падзяліцца: