Мінск 11:51

Ціханоўская: Калі мы страцім праўду — страцім дэмакратыю

Фота: прэс-служба Святланы Ціханоўскай

5 сакавіка, Позірк. Для барацьбы з праўдай “тыраны ствараюць уласную версію рэальнасці, у якой вайна — гэта мір, свабода — гэта рабства, невуцтва — гэта сіла”, заявіла беларускі дэмакратычны лідар Святлана Ціханоўская, выступаючы 5 сакавіка ў Мілане (Італія) на адкрыцці цырымоніі ўручэння прэміі “За свабоду думкі” імя Сахарава.

Паводле слоў палітыка, аўтарытарныя кіраўнікі “выкарыстоўваюць прапаганду, каб пасеяць сумневы, фальшывыя навіны — каб стварыць хаос“. “Яны распаўсюджваюць страх, каб зрабіць нас пасіўнымі. Давайце не забываць, што свабода слова — гэта не толькі права, але і абавязак. Бо калі мы страцім праўду — мы страцім дэмакратыю”, — сказала Ціханоўская.

Як паведамляе прэс-служба дэмлідара, свой выступ яна прысвяціла “беларусам, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама катастрафічных наступстваў, да якіх свет штурхае прапаганда».

“Памятаю, як разам з беларускімі сябрамі атрымлівала прэмію Сахарава ў Еўрапейскім парламенце. Гэты жэст падтрымкі беларусаў выпаў на вельмі цяжкі момант, калі рэпрэсіі супраць нашага народа сталі асабліва бязлітаснымі. І гэтая прэмія натхніла нас працягваць, змагацца. Упэўненая, яна аказвае такі ж уплыў на ўсіх лаўрэатаў”, —сказала Ціханоўская.

“Рэжым спрабуе заглушыць праўду гвалтам і ізаляцыяй. За кратамі застаюцца больш за 1.200 палітвязняў. Адзін з іх — Алесь Бяляцкі, лаўрэат прэміі Сахарава і Нобелеўскай прэміі міру. Яму прысудзілі дзесяць гадоў турмы. [Праваабаронцы] Валянцін Стэфановіч, Марфа Рабкова, Уладзімір Лабковіч і Андрэй Чапюк таксама атрымалі велізарныя тэрміны. Дыктатар хоча зламаць іх, не даць праўдзе ўбачыць свет. Але схаваць праўду за турэмнымі сценамі немагчыма”, — падкрэсліла палітык.

Прэмія “За свабоду думкі” імя Сахарава, якую Еўрапейскі парламент уручае з 1988 года, прысуджаецца асобам і арганізацыям, якія ўнеслі выключны ўклад у барацьбу за свабоду думкі, правы чалавека па ўсім зямным шары.

У 2004 годзе гэтай прэміі была ўдастоена Беларуская асацыяцыя журналістаў, у 2006-м — экс-кандыдат у прэзідэнты Беларусі, цяперашні дарадца Ціханоўскай па пытаннях рэалізацыі еўрапейскага выбару, канцлер “Свабоднага Беларускага ўніверсітэта” Аляксандр Мілінкевіч, у 2020-м — дэмакратычныя сілы Беларусі.

Ціханоўская наведвае Італію 3–6 сакавіка.

Падзяліцца: