Мінск 14:47

БАА: У Беларусі замарудзіліся продажы новых легкавых аўтамабіляў

Крыніца: сайт BelGee

5 сакавіка, Позірк. Рынак дылерскіх продажаў новых легкавых аўтамабіляў у лютым “працягнуў свой рост, але яго тэмпы запавольваюцца”, адзначыў кіраўнік праўлення Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Варывода ў каментары на сайце арганізацыі.

Паводле даных БАА, за мінулы месяц на беларускім рынку рэалізавана 4.598 новых легкавых аўтамабіляў — на 83% больш, чым у лютым 2024-га.

Адзначаецца, што брэнд Geely (BelGee) вярнуў сабе лідарства — яго доля склала 48,3%. У студзені, як паведамляў “Позірк, больш за ўсё было прададзена аўтамабіляў расійскай маркі Lada.

Варывода паведаміў пра “рост продажаў “зялёных аўтамабіляў”, сукупная рэалізацыя якіх (“уключаючы паслядоўныя гібрыды”) у лютым склала 12,6%. Адзначым, што месяцам раней БАА паведамляла аб долі ў 14,2%.

“Самымі папулярнымі ў беларусаў па-ранейшаму з’яўляюцца аўтамабілі-красоверы”, — падкрэсліў кіраўнік асацыяцыі.

Істотнага ўплыву на продажу не аказалі лютаўскае павышэнне ставак утылізацыйнага збору і забарона на здзяйсненне здзелак “псеўдавалютнага” лізінгу, дадаў кіраўнік БАА.

“Збольшага гэта звязана з наяўнасцю на дылерскіх складах значнай колькасці раней увезеных аўтамабіляў, што дазваляла ўтрымліваць рознічныя цэны на прымальным для спажыўцоў узроўні”, — удакладніў Варывода.

Разам з тым, паводле яго слоў, складскія запасы “большасці імпарцёраў не перавышаюць 1,5-месячны аб’ём продажаў і, імаверна, будуць вычарпаныя да сярэдзіны вясны”.

Агульныя даныя па продажах у 2025-м, як і ў цэлым за 2024-ты у адкрытым доступе не прыводзяцца.

Раней крыніцы “Позірку” паведамлялі, што традыцыйнае гадавое мерапрыемства БАА па падвядзенні вынікаў за 2024 год павінна было прайсці ў першай палове лютага.

За 2023 год члены БАА прадалі ў краіне 21.761 легкавы аўтамабіль і 3.647 лёгкіх камерцыйных аўто, паведаміў раней на прэс-канферэнцыі дырэктар “БАА-Кансалт” Дзмітрый Ярота. Было рэалізавана 78 мадэляў — на 64 менш (-45,1%), чым у 2022-м (142). Колькасць прадстаўленых марак таксама скарацілася — да 20 (у 2022-м іх налічвалася 28; -28,6%).

Па выніках 2022 года, сведчаць даныя БАА, дылеры прадалі 14.843 легкавыя аўтамабілі. Лідзіравалі Geely (4.355), Lada (3.782) і Kia (1.462).

У 2021 годзе ў Беларусі было прададзена 46.837 легкавых аўтамабіляў, у 2020‑м — 53.537, 2019‑м — 64.504.

Падзяліцца: